• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

60-годдзе стварэння адзначыла Магілёўская абласная праектна-пошуковая станцыя аграхімізацыі

15.04.2024

За поспехам працы любога прадпрыемства стаіць праца кожнага асобнага чалавека. Гэта думка праходзіла чырвонай ніткай на працягу ўсяго святочнага мерапрыемства, якое адбылося ў гонар 60-годдзя стварэння Магілёўскай абласной праектна-пошукавай станцыі аграхімізацыі, а таксама 100-годдзя ўтварэння Магілёўскага раёна, якое будзе адзначацца ў ліпені гэтага года. 

І таму няма нічога дзіўнага ў тым, што ўрачыстасць, на якой прысутнічалі старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Анатоль Ланкуць, кіраўнікі розных прадпрыемстваў і ведамстваў, прадстаўнікі дэпутацкага корпуса і грамадскіх арганізацый, работнікі праектна-пошукавай станцыі аграхімізацыі і ветэраны працы, пачалося з адкрыцця мемарыяльнай дошкі ў гонар першага кіраўніка прадпрыемства Аляксандра Давыдава.

Менавіта Аляксандр Паўлавіч стаяў ля вытокаў стварэння абласной аграхімічнай лабараторыі, кіраваў прадпрыемствам на працягу 13 гадоў. За сваю плённую працу быў узнагароджаны двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалём «За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння У.І. Леніна». Яго імя занесена ў Кнігу працоўнай Славы Магілёўскага раёна.

Падчас урачыстага адкрыцця мемарыяльнай дошкі гучалі шчырыя словы падзякі ў адрас і прадпрыемства, і яго першага кіраўніка. 

Так, старшыня Савета раённай арганізацыі ветэранаў Віктар Пінчук адзначыў, што невыпадкова менавіта на зямлі Магілёўскага раёна з'явілася прадпрыемства, якое аказвала і аказвае вялізную дапамогу ўсім арганізацыям АПК рэгіёну. Бо ва ўсе часы сельская гаспадарка была вельмі важнай галіной, поспехі якой адбіваліся на развіцці ўсяго рэгіёна. 

Ветэран працы Марыя Субоціна падзялілася ўспамінамі аб станаўленні прадпрыемства і аб тым, як 50-60 гадоў таму спецыялісты пры дапамозе вельмі простага абсталявання займаліся пошукам глеб сельскагаспадарчых угоддзяў. Вядома ж, Марыя Лявонцьеўна адзначыла ўклад першага кіраўніка, ахарактарызаваўшы яго як вучонага, прафесіянала сваёй справы і чулага чалавека.

Не пакінулі нікога абыякавым і словы Аляксандра Аляксандравіча Давыдава - сына Аляксандра Паўлавіча. Мужчына распавёў аб нялёгкім дзяцінстве бацькі, на долю якога выпалі нягоды акупацыі, аб службе на флоце, аб тым, як разам з прыгажуняй-жонкай ён перабраўся са Смаленскай вобласці на Магілёўшчыну. Але асабліва ўсіх прысутных крануў аповед пра спрэчку паміж бацькам і сынам пра сэнс жыцця.

– Я неяк сказаў бацьку: «Ты жывеш так, быццам сэнсам усім твайго жыцця з'яўляецца праца». А ён адказаў: "А інакш я і не магу".

Пасля адкрыцця мемарыяльнай дошкі ўсе ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства прынялі ўдзел у закладцы алеі, прысвечанай 60-годдзю стварэння абласной праектна-пошукавай станцыі аграхімізацыі. А затым адбылося ўшанаванне лепшых работнікаў прадпрыемства - і тых, хто працуе сёння, і ветэранаў, якія дасягнулі поспехаў у мінулыя гады.

Алег Халянкоў, дырэктар Магілёўскай абласной праектна-пошукавай станцыі аграхімізацыі:

– Сёлетні юбілей – знамянальная дата ў жыцці ўсяго калектыву і асабліва ветэранаў: у многіх у працоўнай кніжцы адзін запіс аб рабоце на станцыі.

Працягваючы справу, распачатую імі, зараз мы працуем над удасканаленнем сучасных метадаў і ўкараненнем новых тэхналогій. Бо час не стаіць на месцы, сёння перад намі задача - зрабіць сельскую гаспадарку прыбытковай галіной. Гэта выклік часу, які патрабуе ад кожнага з нас эфектыўнай, сумленнай і прынцыповай работы, асабліва цяпер - у год, аб'яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам якасці.