Мясцовая ўлада створана для людзей. Забяспечыць кожнаму на падведамнай тэрыторыі камфортныя і годныя ўмовы жыцця - галоўная яе задача. Як прыклад, Палыкавіцкі сельсавет. Тут будуюцца шматкватэрныя дамы, з'яўляюцца новыя дзіцячыя пляцоўкі, акультурваюцца вуліцы, устанаўліваюцца малыя архітэктурныя формы. І, што самае галоўнае, тут прыслухоўваюцца да просьбаў вяскоўцаў.
90-гадовая жыхарка аграгарадка Палыкавічы Надзея Носікава звярнулася ў сельвыканкам з просьбай аб дапамозе ва ўсталяванні плота на сваім участку. Стары даўно састарэў, а вось знайсці матэрыялы і сродкі на новы - для пажылога чалавека справа не з лёгкіх. Мясцовая ўлада просьбу пачула: пасадзейнічала і дапамагла абнавіць агароджу. Цяпер жа сваім плотам Надзея Ціханаўна і налюбавацца не можа:
— Ён жа натуральны, ды і самы лепшы! — адзначае вяскоўка. - Ведаеце як: цяпер людзі - у каго ёсць сродкі, у каго іх няма - панабудавалі металічных агародж. З аднаго боку хораша, а з іншага - гэтыя платы, награваючыся падчас моцнай спякоты, вылучаюць непрыемны пах. Мой жа плот зусім іншы - экалагічна чысты!
Надзея Носікава – чалавек паважаны. Ветэран працы, дзіця вайны. У свой час з адзнакай скончыла культасветвучылішча, працавала ў Старобінскім, Чавускім раёнах, адвучылася ў Ленінградскім інстытуце культуры, пасля чаго большую частку свайго жыцця прысвяціла Палыкавіцкай сельскай бібліятэцы. Узначальвала камсамол, займалася дэпутацкай дзейнасцю. Пра цяперашнюю мясцовую ўладу жыхарка Палыкавіч адклікаецца толькі са станоўчага боку.
– І плот не толькі мне дапамаглі паставіць, але і многім іншым на тэрыторыі сельсавета. Усе мы - ветэраны працы - вельмі ўдзячныя Таццяне Русаковай, нашаму старшыні сельвыканкама, за такі клопат. Прыгожа, чыста і парадак, ды і нядорага. Чым дрэнна? Яна прыехала, усё разлічыла, нам матэрыял прывезлі, ды яшчэ і з такой вялікай зніжкай, — дадае вяскоўка.
У Палыкавіцкім сельвыканкаме адзначаюць: за апошні год на тэрыторыі сельсавета абноўлена каля 2-х тысяч пагонных метраў плота, з іх больш за тысячу - дзякуючы мясцовай ініцыятыве.
Таццяна Русакова, старшыня Палыкавіцкага сельвыканкама:
– У Магілёўскім раёне была пастаўлена задача прывесці ў парадак усе платы. У каго ёсць магчымасць - устанавілі новыя, а вось што рабіць тым, у каго яе няма? Менавіта таму была рэалізавана мясцовая акцыя: да супрацоўніцтва запрасілі пілараму, перагаварылі і папрасілі ў іх максімальную знiжку для нашых ветэранаў працы. Збіралі замовы, выязджалі, разлічвалі метраж, інфармацыю перадавалі на пілараму, якая вырабіла па заяўках матэрыял – нарэзаны штыкетнік разам з брускамі – і даставіла яго па адрасах вяскоўцаў. Выйшла вельмі танна (матэрыял для 10 метраў плота абыходзіўся ўсяго 25 рублёў), больш за тое, давалася растэрміноўка на 3-4 месяцы. Поўнасцю абноўлена вуліца Садовая аграгарадка Палыкавічы, дзе стаяў сельсавецкі плот. Ніз бетонны, а верх драўляны, які ўжо меў патрэбу ў замене. Мы закранулі ўсе населеныя пункты сельсавета і, як вынік: усё добраўпарадкавана і прыгожа.