Штогод працоўныя калектывы сельгаспрадпрыемстваў Магілёўскага раёна папаўняюць дзясяткі маладых спецыялістаў, якія на першым працоўным месцы набіраюцца вопыту і практычных ведаў. У гэтым годзе 17 выпускнікоў прыняты на працу ў ЗАТ "Агракамбінат "Зара".
У рамках азнаямленчага мерапрыемства ў Доме культуры сельгасарганізацыі, дзе размешчана сельская бібліятэка, бібліятэкар Тамара Цыркунова расказала маладым спецыялістам, якія размеркаваліся ў гаспадарку, гісторыю аграгарадка, падрабязна спыніўшыся на этапах станаўлення сельгаспрадпрыемства.
У праграме мерапрыемства - сустрэча з кіраўніком - генеральным дырэктарам ЗАТ "Агракамбінат "Зара" Кацярынай Зароўскай, дэвіз якой: бачу мэту, не бачу перашкод, што Кацярына Уладзіміраўна і параіла моладзі. Імкнуцца да лепшага, удасканальвацца, ісці наперад — такія ўстаноўкі і пажаданні прагучалі ад кіраўніка. Паводле яе слоў, вельмі важна матываваць пачынаючага спецыяліста, бо шмат у чым менавіта гэта ўплывае на тое, што пасля абавязковай адпрацоўкі маладыя людзі застаюцца ў вёсцы, працягваюць працоўныя дынастыі, набіраюцца вопыту і з часам самі становяцца настаўнікамі.
Пазнаёміцца з маладым працоўным пакаленнем агракамбіната прыйшоў чалавек-легенда "Зары" — Мікалай Кухарэнка, жыццё якога больш за шэсцьдзесят гадоў было звязана з гаспадаркай. Знаёмства з прадпрыемствам і населеным пунктам працягнулася наведваннем мясцовай школы і абеліска ў вёсцы Гараны, а таксама мемарыяльнага комплексу "Батальён міліцыі пад камандаваннем Канстанціна Уладзімірава".Для маладых спецыялістаў, якія прыйшлі на першае месца працы ў юбілейны год для Магілёўскага раёна, мерапрыемства прайшло ў фармаце экскурсіі па месцах баявой і гістарычнай славы.
Падчас мерапрыемства моладзь дзялілася меркаваннямі і ўражаннямі аб першым месцы працы.
Так, маладыя спецыялісты — эканамісты Ганна і Мікіта Андрэевы — не проста калегі, а сям'я — прыйшлі ў "Зару" на практыку і вырашылі застацца:
– Я з Магілёва, а муж са Шклова, у нас у "Зары" была практыка, і нам тут вельмі спадабалася! І мы вырашылі застацца на адпрацоўку. Працуем у планава-эканамічным аддзеле. Калі мы толькі прыйшлі на гэта прадпрыемства, нам сказалі, што можна будзе атрымаць кватэру, каб жыць. І "Зара" нам выдзеліла аднапакаёвую кватэру, з усім дапамагла, — расказваюць маладыя муж і жонка.
А вось малады спецыяліст — аграном Віталь Чаркасаў — ураджэнец Гомельскай вобласці, размеркаваўся ў ЗАТ "Агракамбінат "Зара" пасля заканчэння сельгасакадэміі:
— Прынялі мяне вельмі добра — далі кватэру, вялікія пад'ёмныя, машыну для працы. Праца мне вельмі падабаецца і калектыў выдатны! — распавёў аграном.
Аксана Назаранка прыйшла працаваць у гаспадарку заатэхнікам і пасялілася ў інтэрнаце, які прадаставіла маладому спецыялісту сельгаспрадпрыемства:
— Размеркавалася сюды з Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Мяне ўладкавалі на птушкафабрыку. Я лічу, што ўмовы тут нядрэнныя, — падзялілася меркаваннем дзяўчына.
У гаспадарцы ж распавялі, што на сваіх першых працоўных месцах маладыя спецыялісты знаходзяцца пад пільнай увагай. Паводле слоў намесніка генеральнага дырэктара ЗАТ "АК "Зара" па ідэалагічнай рабоце Святланы Клыгуновай, яны забяспечаны жыллём, атрымліваюць належныя ім матэрыяльныя выплаты і неабходную кансультатыўную дапамогу.