•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Аляксей Кабзарэнка з Магілёўскага раёна стаў пераможцам рэспубліканскай алімпіяды, уладальнікам спецпрыза Мінадукацыі

01.04.2024

На гэтым тыдні прайшоў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах.

Як вядома, падчас вясновых канікулаў школьнікі не толькі набіраюцца сіл пасля заканчэння трэцяй чвэрці, але і ўдзельнічаюць у прадметных алімпіядах.

Больш за шэсць соцень хлопчыкаў і дзяўчынак 4-9 класаў з устаноў адукацыі Магілёўскага раёна сталі ўдзельнікамі спаборніцтваў раённага ўзроўню, а двое 11-класнікаў з Кадзінскай сярэдняй школы: Антон Саўчук («Гісторыя») і Аляксей Кабзарэнка («Працоўнае навучанне (тэхнічная праца)»), змагаліся за званне пераможцаў заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.

У выніку Аляксей Кабзаранка быў узнагароджаны Дыпломам I ступені, а таксама стаў уладальнікам спецыяльнага прыза Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, які набраў самы высокі бал сярод навучэнцаў сельскіх школ. 

Сустрэць пераможцу, які вяртаўся з Гомеля (менавіта там спаборнічалі лепшыя ў прадмеце «Працоўнае навучанне»), на чыгуначны вакзал Магілёва прыехалі кіраўніцтва і педагогі школы, родныя і сябры.

Віншавальныя транспаранты, рознакаляровыя шары, кветкі, тарты - усё гэта стварала атмасферу сапраўднага свята. І, вядома, словы віншаванняў.

 Я вельмі рады за Лёшу, – падзяліўся настаўнік працоўнага навучання Віктар Алесіч. – Мы займаемся з ім з пятага класа. І магу ўпэўнена сказаць - Лёша вельмі мэтанакіраваны, таленавіты, разумны, уважлівы і добры хлопец. Ён некалькі гадоў ішоў да гэтага выніку, у мінулым годзе яму не хапіла зусім крыху, каб стаць уладальнікам Дыплома III ступені. А сёлета ён не проста патрапіў у прызы, а выйшаў на Дыплом I ступені! За гэтым вынікам вялізная праца, Лёша гэту перамогу сапраўды заслужыў.

Ад душы віншуем Аляксея Кабзарэнка з перамогай і жадаем яму, як і ўсім астатнім выпускнікам, паспяховага заканчэння школы і ўдачы пры паступленні, бо ўступная кампанія не за гарамі.

P.S. Дарэчы, Аляксей Кабзарэнка, дамогшыся такога высокага выніку на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, працягнуў справу сваёй старэйшай сястры Лізаветы Міронцавай, якая на працягу трох гадоў, вучачыся ў 9-11 класах (а школу яна скончыла дзесяць гадоў таму), станавілася ўладальніцай Дыпломаў I і II ступені па вучэбным прадмеце «Працоўнае навучанне (абслугоўваючая праца)».