•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Астанкі ваеннаслужачага Чырвонай Арміі ўрачыста перапахавалі ў вёсцы Дабрасневічы

04.07.2024

Астанкі вайскоўца Чырвонай Арміі Сямёна Філіпавіча Халадцова, знойдзеныя пошукавікамі вясной гэтага года пад Смаленскам, урачыста перапахавалі на малой радзіме - у вёсцы Дабрасневічы. Праз 83 гады ён нарэшце здабыў спакой на роднай зямлі, дзе пахаваны яго бацькі, якія так і не дачакаліся вяртання сына.

На цырымоніі перапахавання прысутнічалі прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, сілавых структур, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, духавенства, Магілёўскага абласнога пошукавага клуба "Вікру", жыхары вёскі Дабрасневічы, а таксама сваякі загінуўшага салдата. 

Сямён Філіпавіча нарадзіўся ў 1913 годзе ў вёсцы Дабрасневічы, пражываў з сям'ёй у вёсцы Амхавая-1. У 1941 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай арміі і ў самым пачатку баявога шляху загінуў, змагаючыся за Радзіму, на тэрыторыі Смаленскай вобласці недалёка ад горада Вязьмы. Яго астанкі ў красавіку бягучага года былі знойдзены пошукавай групай пошукавага аб'яднання "Баявое братэрства" Смаленскай абласной грамадскай арганізацыі "Пошукавае аб'яднанне "Доўг" і 21 чэрвеня перададзены сваякам падчас урачыстай цырымоніі ў маскоўскім Музеі Перамогі. 

Прысутная на цырымоніі перапахавання ўнучка загінуўшага чырвонаармейца Святлана Куўшынава распавяла, што ў Сямёна Філіпавіча было трое дзяцей - Зінаіда, Васіль і малодшая дачка Любоў, якая нарадзілася ўжо пасля сыходу бацькі на фронт. Нажаль, нікога з іх ужо няма ў жывых, але Святлана Мікалаеўна дагэтуль успамінае, як яны шукалі свайго бацьку, як чакалі, што ён усёткі вернецца, але цуду так і не адбылося.

Яшчэ адзін унук Сямёна Філіпавіча Віктар Захаро кажа, што да апошняга спадзяваўся і верыў, што знікшы без вестак дзядуля знойдзецца. Літаральна напярэдадні Дня Перамогі ён зноў успамінаў пра яго, спрабаваў знайсці нейкія звесткі ў інтэрнэце, але ўсё было беспаспяхова, пакуль яму, як і ўсім сваякам, не паведамілі гэтую доўгачаканую вестку аб тым, што падчас правядзення пошукавых работ знойдзены астанкі яго дзеда. 

– Гэта невымоўныя эмоцыі, – не хаваючы слёз кажа Віктар Пятровіч. - Цяжкі лёс выпаў майму дзеду: загінуў, абараняючы сваю Радзіму ад фашызму. І вось праз 83 гады вярнуўся дадому, да родных, якія, на вялікі жаль, так і не дачакаліся сына.

– Сёння па праве знамянальны дзень у жыцці Магілёўскага раёна: напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь яшчэ адзін беларускі сын вярнуўся на Радзіму, - адзначыла дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка. - Для Сямёна Філіпавіча смаленская зямля стала апошнім полем бою і полем Славы, а родная магілёўская зямля праз 83 гады стане апошнім прыстанкам і месцам спачыну. Прыемна, што сёння бацькі воіна, пахаваныя побач, зноў здабудуць страчанага сына, а насупраць радка з імем Халадцова Сямёна Філіпавіча будзе выключаны запіс "знік без вестак". 

Настаяцель храма Раства Іаана Хрысціцеля аграгарадка Буйнічы іерэй Аляксей здзейсніў памінальную літыю па загінуўшаму, пасля чаго астанкі Сямёна Філіпавіча з ушанаваннямі перадалі роднай зямлі. Ушанаваўшы памяць абаронцаў Айчыны хвілінай маўчання, прысутныя ўсклалі кветкі да магілы.

Дзякуючы карпатлівай рабоце пашукавікоў сёння сотні забітых і знікшых без вестак воінаў перапахаваны, а іх родныя і блізкія праз дзесяцігоддзі могуць даведацца пра лёс дарагіх людзей. І тое, што перапахаванне астанкаў Сямёна Філіпавіча Халадцова стала ўжо чацвёртым у Магілёўскім раёне за гэты год, сведчыць аб беражлівым стаўленні да гераічнага мінулага нашага народа. І пакуль мы памятаем подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў, пра тое, якім коштам была заваявана Перамога, мы будзем жыць пад мірным небам, захоўваць і з пакалення ў пакаленне перадаваць гэту святую памяць.