Патрыятычны аўтапрабег «Мы разам, мы адзіныя!», прымеркаваны да Дня народнага адзінства, аб’яднае заўтра моладзь Магілёўскага раёна. Пунктам збору калоны стане аграгарадок Буйнічы, дзе ўдзельнікі ўскладуць кветкі да мемарыяла ў гонар гераічных абаронцаў горада. Затым удзельнікі аўтапрабегу пройдуць у аграгарадок Дашкаўка, дзе высадзяць памятную алею з каштанаў.
Гэты населены пункт – вялікае гістарычнае месца. 27 чэрвеня 1944 года байцы Чырвонай арміі атрымалі задачу фарсіраваць Днепр каля Дашкаўкі і ўтрымліваць пераправу да падыходу асноўных сіл пяхоты, што ім удалося, нягледзячы на моцны нямецкі артылерыйскі і мінамётны агонь. Яны пайшлі на штурм варожай абароны, адначасова адбіваючы лютыя контратакі праціўніка.
За подзвіг, здзейснены пры вызваленні вёскі, дзевяць савецкіх воінаў былі прадстаўлены да прысваення звання Герой Савецкага Саюза: Аляксандр Вісяшчаў, Міхаіл Волкаў, Іван Жудаў, Міхаіл Дакучаеў, Аляксей Максін, Маркел Шароў, Міхаіл Усачоў, Іван Чашчарын і Шадзі Шаімаў. Апошні атрымаў у баі цяжкія раненні і памёр на наступны дзень. Быў пахаваны на месцы бою за тры кіламетры ад Дашкаўкі, а ў маі 1945 года перапахаваны ў брацкай магіле ў самой вёсцы.
– Раніца пачнецца ўрачыстым мітынгам ля мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», дзе мы ўскладзём кветкі і ўшануем загінулых герояў хвілінай маўчання. Затым высадзім у Дашкаўцы памятную алею, якую суправадзім таблічкай з указаннем, што моладзь нашага раёна працавала тут у Дзень народнага адзінства, – удакладніў першы сакратар Магілёўскага РК ГА «БРСМ» Кірыл Адамаў. – Менавіта любоў да Радзімы, трапяткое стаўленне да нашай гісторыі, да подзвігу продкаў і добрасумленная праца аб’ядноўваюць беларусаў розных пакаленняў, што асабліва актуальна ў Год гістарычнай памяці.