Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў ХХХІI Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяроддзе нацыянальнай культуры" адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
Мерапрыемства стала часткай навукова-метадычнай канферэнцыі "Сучасны стан публічных бібліятэк Рэспублікі Беларусь", удзельнікі якой абмеркавалі дзейнасць абласных бібліятэк нашай краіны, а таксама стварэнне нацыянальнай электроннай бібліятэкі.
У ліку пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу "Бібліятэка – асяроддзе нацыянальнай культуры" – бібліятэкар Махоўскай сельскай бібліятэкі ДУК "Магілёўская раённая сетка публічных бібліятэк" Кацярына Дуброўская. Прадстаўнік Магілёўскага раёна ўзнагароджана Дыпломам Першай прэміі ў намінацыі "За падтрымку і развіццё чытання".
Узнагароды ўручыў першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада.
Адзначым, што конкурс праводзіцца штогод сярод публічных бібліятэк рэспублікі з мэтай павышэння іх ролі ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва, папулярызацыі нацыянальнай культуры, гісторыі, літаратуры, мовы, народных промыслаў, а таксама падтрымкі і развіцця чытання.
Усяго ў 4-х намінацыях "За значны ўклад у выхаваўчую работу з падрастаючым пакаленнем", "За навацыі ў вобласці бібліятэчнай справы", "За пошукавую і даследчую работу", "За падтрымку і развіццё чытання" перамогу атрымала 21 публічная бібліятэка.