У Магілёве адбылася прэзентацыя Магілёўскага раёна ў рамках абласнога фестывалю народнай творчасці «Беларусь родная, музычная, народная», мэта якога – пазнаёміць гледачоў з гістарычнай і культурнай спадчынай раёнаў, пачынаннямі, якія сталі брэндамі, дасягненнямі ў розных сферах.
Гледачоў, якія прыйшлі 21 сакавіка ў абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы, чакала насычаная праграма, якая адлюстроўвае багатую гісторыю і сённяшні дзень раёна.
На суд гасцей мерапрыемства была прадстаўлена выстава-прэзентацыя прадукцыі, якая вырабляецца ў асабістых падсобных гаспадарках раёна, творчасць майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Прыйшоўшыя ацанілі вырабы, выкананыя ў розных стылях, жанрах і тэхніках. Коўка, разьба па дрэве, ткацтва, карціны, вырабы з саломы – госці зацікавіліся творамі, як захоўваючымi памяць продкаў, так і выкананымі з выкарыстаннем сучаснага крэатыву.
А галоўнай разыначкай прэзентацыі стаў канцэрт, прадстаўлены творчымі калектывамі Магілёўскага раёна. У іх ліку: Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль народнай музыкі і песні "Світанак" раённага Цэнтра культуры, харэаграфічны ансамбль "Ірыскі" Вейнянскага філіяла, вакальны ансамбль "Праменьчыкі" Вейнянскага філіяла, дзіцячы акадэмічны хор і народны ансамбль , харэаграфічны ансамбль "Ляночак" ДУА "Магілёўская раённая дзіцячая школа мастацтваў ім. Л.Л. Іванова", народны вакальны ансамбль "Млечны шлях" філіяла "Вейнянскі Цэнтр культуры і вольнага часу", народны ансамбль народнай песні "Прыпеўка" філіяла "Межысецкі сельскі Дом культуры", народны ансамбль народнай песні "Славіца" раённага Цэнтра культуры і многія іншыя.
Па словах загадчыка сектара культуры Магілёўскага райвыканкама Наталлі Гоманавай, у канцэртнай праграме прынялі ўдзел 356 майстроў вакалу, харэаграфіі і сцэнічнага мастацтва.
– Сёння на сцэне выступаюць самыя лепшыя калектывы, якія прайшлі праз папярэдні адбор, бо прэтэндэнтаў на ўдзел (прычым дастойных прэтэндэнтаў) было вельмі шмат.
Канцэртная праграма была падзелена на тэматычныя блокі: "Была вайна", "Якi цудоўны гэты свет", "Наша жыццё" і іншыя. Кожны прысвечаны вызначанаму этапу ў гісторыі станаўлення Магілёўскага раёна. А аб'ядноўвала ўсе нумары агульная ідэя – які цудоўны Магілёўскі раён і якая выдатная наша Беларусь.