Маладыя спецыялісты сельскагаспадарчых арганізацый Магілёўскага раёна наведалі з экскурсіяй Віцебск - старажытны горад, у якім пануе асаблівая атмасфера творчасці і натхнення.
Удзельнікі экскурсіі пабывалі ў доме-музеі Марка Шагала на Пакроўскай вуліцы, дзе прайшлі юнацкія гады вядомага мастака. Наступны прыпынак – музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылiшча, якое па праве можа лічыцца адным з самых сучасных музеяў краіны.
Авангард, супрэматызм, УНОВIС – складаныя на першы погляд паняцці аказаліся зразумелымі і цікавымі кожнаму ўдзельніку займальнай экскурсіі па высокатэхналагічным музеі. Прагулка па Віцебску дазволіла маладым людзям пазнаёміцца з найбольш значнымі грамадзянскімі і культавымі пабудовамі старажытнага горада. Завяршылася экскурсія наведваннем музея-сядзібы Іллі Рэпіна "Здраўнёва".
Незвычайная сядзіба, ліпавая алея, рака і дзіўныя пейзажы ўяўляюць сабой настолькі маляўнічае месца, што становіцца зразумела, чаму гэтыя месцы так зачаравалі вядомага мастака.
Маладзёжная экскурсія арганізавана аддзелам ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і раённай арганізацыяй прафсаюза аграпрамысловага комплексу.