Так, у аграгарадку Палыкавічы прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый і духавенства аддалі даніну памяці, усклаўшы кветкі да помніка савецкім воінам, якія загінулі ў 1944 годзе.
…80 гадоў таму, у ноч з 26 на 27 чэрвеня, штурмавая разведгрупа 290-й стралковай дывізіі фарсіравала Днепр непадалёк ад вёскі Палыкавічы. Зрабіць гэта незаўважна для ворага было немагчыма. Усю ноч ішоў цяжкі бой. А раніцай фашысты кінулі супраць смельчакоў два батальёна пяхоты і 8 танкаў. Пяць контратак было адбіта разведчыкамі… Калі на гэта месца пераправіліся асноўныя сілы Чырвонай арміі, у жывых заставалася толькі 18 параненых байцоў штурмавой разведгрупы. 74 воіны загінулі, застаўшыся назаўжды ў брацкай магіле в. Палыкавічы. Але колькі б ні мінула часу, памяць пра іх жывая - менавіта пра гэта гаварылася і на мітынгу, які прайшоў каля помніка адважным савецкім салдатам і афіцэрам, чые жыцці (у большасці - вельмі маладыя жыцці) абарвала вайна.
Ускладзены кветкі былі і да помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, у вёсцы Харошкі. Менавіта тут у ліку іншых загінуўшых за Радзіму пахаваны і Герой Савецкага Саюза Юрый Міхайлавіч Двужыльны.…
Як і ў воінаў, якія загінулі каля вёскі Палыкавічы, жыццё 25-гадовага Юрыя абарвалася летам 1944-га – 26 чэрвеня. За два днi да гэтага - 23 і 24 чэрвеня батальён Юрыя Двужыльнага фарсіраваў рэкі Проня і Бася паўночней Чавус, з баямі ўзяў пазіцыі ворага, вызваліў некалькі населеных пунктаў. 25 чэрвеня было адлюстравана 6 контратак суперніка. А на наступны дзень ва ўзаемадзеянні са ўзводам палкавой разведкі батальён Двужыльнага ўступіў у бой за Харошкі, дзе знаходзілася некалькі варожых дзотаў. У крытычны момант Юрый павёў батальён у контратаку. Пераследуючы адступаючага праціўніка, на беразе ракі Рэста ён трапіў пад артылерыйскі агонь і быў забіты асколкам нямецкага снарада. Пахаваны Юрый Двужыльны разам з 32 байцамі свайго батальёна, якія загінулі пры вызваленні Магілёўскага раёна.
Гаворачы пра подзвіг загінуўшых, удзельнікі мітынгу яшчэ раз нагадалі пра тую цану, якую Беларусь заплаціла за сваё вызваленне. І задача нас, нашчадкаў, не толькі ведаць пра гэта, але і справай даказваць, што мы вартыя іх подзвігу, іх укладу ў Перамогу.
Як сказаў старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, наша якасная праца – гэта сапраўдная мера памяці і падзякі тым, хто загінуў, вызваляючы Магілёўскі раён ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.