У Магілёўскім раёне прайшлі святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей. У шэрагу падзей – адкрыццё адразу некалькіх сацыяльна значных аб'ектаў. У іх ліку – новая дзіцячая пляцоўка ў аграгарадку Новае Пашкава.
Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Курашава расказала, як у Магілёўскім раёне пастаўлена работа па ўводу ў эксплуатацыю аб'ектаў сацыяльнага прызначэння, адрасатамі якіх з'яўляюцца дзеці.
– І ў вобласці, і ў раёне заўсёды надаецца вялікая ўвага стварэнню ўмоў для гарманічнага развіцця дзяцей. Будаўніцтва новых дзіцячых пляцовак – важны складнік гэтай працы. У 2023 годзе было асвоена каля 260 тыс. рублёў, у выніку чаго дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі з'явіліся ў Межысетках, Буйнічах, Палыкавічах і Усходзе. У бягучым годзе было запланавана будаўніцтва трох пляцовак, на што выдзелена 170 тысяч рублёў. Падрадчыкам выступіла КУП "УТПК-Аблдарбуд": прадпрыемства выконвае работы якасна і ў тэрмін, за што асобная падзяка кіраўніку прадпрыемства – Таццяне Булчынскай.
У выніку праведзеных работ сёння мы адкрываем новыя аб'екты ў аграгарадках Раманавічы і Новае Пашкава. У бліжэйшы час яшчэ адна дзіцячая пляцоўка з'явіцца і ва Усходзе (гэта густанаселены населены пункт, дзе была неабходнасць добраўпарадкавання яшчэ аднаго аб'екта ў дадатак да пабудаванага ў мінулым годзе). Акрамя таго - у Раманавічах хутка з'явіцца і спартыўная пляцоўка. На новых дзіцячых пляцоўках устаноўлены комплексы гульнявога абсталявання і трэнажоры беларускай вытворчасці, якія радуюць і яркім знешнім выглядам, і якасцю. Да таго ж працаўнікамі МУКП "Жылкамгас" была праведзеная праца па добраўпарадкаванні тэрыторыі.
Дарэчы, калі казаць аб Новым Пашкава, то хацелася б яшчэ адзначыць удзел ПВУП "СМУ Вертыкаль". Дзякуючы спонсарскай дапамозе прадпрыемства тут была добраўпарадкавана спартыўная пляцоўка.
...Старанні дарослых былі не дарма. Рабяты з задавальненнем каталіся на арэлях, з'язджалі з горак, спрабавалі сілы на трэнажорах і выяўлялі спрыт на розных лесвічках. І мяркуючы па шчаслівых тварах, новая дзіцячая пляцоўка прыйшлася дзецям па душы.