У сувязі са святкаваннем 80-й гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і напярэдадні векавога юбілею з дня ўтварэння Магілёўскага раёна ў вёсцы Новае Пашкава ўрачыста адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Фёдара Несцеравіча Храмянкова.
Імя знакамітага земляка, лётчыка-знішчальніка, які гераічна загінуў у паветраным баі 3 ліпеня 1942 года, увекавечылі на будынку Пашкаўскага сельвыканкама.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання ветэранаў Віктар Пінчук, старшыня Пашкаўскага сельвыканкама Ларыса Кавальчук, загадчык сектара культуры Магілёўскага райвыканкама Наталля Гоманава, дырэктар ДУА "Пашкаўская сярэдняя школа" Галіна Філімонава, сваякі Ф.Н. Храмянкова – унучатая пляменніца Галіна Пухцянкова са сваімі ўнукамі Арцёмам і Максімам Яшчонак, мясцовыя жыхары.
Фёдар Храмянкоў нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Жукава Пашкаўскага сельсавета ў вялікай сялянскай сям'і. З дзяцінства ў яго была мара - стаць лётчыкам. І яна здзейснілася: пасля вучобы ў Пашкаўскай сямігадовай школе і Магілёўскім аэраклубе перад самым пачаткам вайны юнак скончыў Адэскае ваенна-лётнае вучылішча ў званні малодшага лейтэнанта. І яму, 23-гадоваму лётчыку-знішчальніку, прыйшлося стаць на абарону сваёй Радзімы.
Мужна змагаючыся супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, ён гераічна загінуў у паветраным баі ў ліпені 1942 года ў раёне Уразава-Валуйкі Валаконаўскага раёна Белгарадскай вобласці. Астанкі абаронца Айчыны з ушанаваннямі пахавалі ў пасёлку Пятніцкае Валаконаўскага раёна Белгародскай вобласці. На цырымоніі пахавання прысутнічаў родны брат загінуўшага лётчыка Іван Несцеравіч Храмянкоў.
– Наш Магілёўскі раён слаўны не толькі працоўнымі поспехамі, але і знакамітымі землякамі - людзьмі, якія аддалі свае жыцці, абараняючы нашу Радзіму. Адным з такіх адважных, маладых, верачых у жыццё і перамогу нашага народа, быў Фёдар Несцеравіч Храмянкоў, - адзначыў старшыня Магілёўскага райсавета ветэранаў Віктар Пінчук. - У гэты знамянальны год - 80-годдзя з дня вызвалення Беларусі і 100-годдзя з дня ўтварэння Магілёўскага раёна - у нашым раёне праводзіцца вялікая работа па ўшанаванні памяці заслужаных людзей. Сярод іх і наш зямляк Фёдар Храмянкоў, імя якога носіць адна з вуліц вёскі Новае Пашкава.
Віктар Фёдаравіч таксама падкрэсліў, што вельмі важна, каб маладое пакаленне ведала нашых герояў, памятала імёны гэтых несмяротных людзей.
Права адкрыць мемарыяльную дошку ў знак вечнай памяці пра Фёдара Несцеравіча Храмянкова было прадастаўлена Віктару Пінчуку, Ларысе Кавальчук і Галіне Філімонавай. У знак асаблівай удзячнасці і падзякі за мірнае неба ўдзельнікі ўрачыстага мерапрыемства ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі.
– Мы ганарымся, што нашы дзядулі заваявалі перамогу, склалі свае галовы дзеля нашай светлай будучыні, – адзначыла ўнучатая пляменніца Фёдара Храмянкова Галіна Пухцянкова. – У нашай сям'і надаецца вялікая ўвага захаванню гістарычнай памяці, мы памятаем і свята шануем подзвіг нашых герояў.
Галіна Паўлаўна таксама расказала, што яе маці - Марыя Іванаўна Міронава (родная пляменніца Ф.Н. Храмянкова) да гэтага часу пражывае ў той жа вёсцы Жукава, дзе 106 гадоў таму нарадзіўся іх гераічны сваяк. І сімвалічна, што ў дзень адкрыцця мемарыяльнай дошкі Фёдару Несцеравічу, Марыя Іванаўна адзначае свой 90-гадовы юбілей.
Разам з Галінай Пухцянковай на мерапрыемстве прысутнічалі яе ўнукі - Арцём і Максім Яшчонак, якія з цікавасцю вывучаюць гісторыю сваёй сям'і і ганарацца знакамітым прапрадзедам. Віктар Пінчук уручыў юным патрыётам кнігу "Памяць", на старонках якой адлюстравана гісторыя іх гераічнага сваяка.