Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк наведаў шэраг прадпрыемстваў Магілёўскага раёна, якія прадстаўляюць прыватны сектар эканомікі.
Мэта рабочага візіту, у якім разам з памочнікам Прэзідэнта прынялі ўдзел старшыня і першы намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда і Ірына Чындо адпаведна, а таксама Генеральны дырэктар Магілёўскай асацыяцыі прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Віктар Красоўскі, - вывучыць досвед працы прыватных прадпрыемстваў, якія станоўча зарэкамендавалі сябе на рынку вытворчасці якаснай прадукцыі.
Першым аб'ектам наведвання стала ТАА "Баір Вест".
Гэта прадпрыемства вядома і ў Беларусі, і за межамі краіны як вытворца высакаякасных сістэм вентыляцыі і кандыцыянавання, прытокавых, выцяжных і прытокава-выцяжных установак. Прычым, як сказаў дырэктар прадпрыемства Алег Казакоў, пры пошуку сваёй нішы было вырашана зрабіць акцэнт на выпуск найскладанага высокатэхналагічнага абсталявання для самых розных заказчыкаў - ад басейнаў, гандлёвых прадпрыемстваў і ўстаноў аховы здароўя да буйных прамысловых прадпрыемстваў і атамных станцый. І сёння вентыляцыйныя ўстаноўкі, вырабленыя на "Баір Вест", працуюць больш чым на 5000 аб'ектах рознага прызначэння ў Беларусі, Расіі, Казахстане, Арменіі, Грузіі, Узбекістане, Таджыкістане і Турцыі. Падчас сустрэчы кіраўнік прадпрыемства пазнаёміў з усімі этапамі вытворчасці - ад распрацоўкі праекту да ўпакоўкі ўжо гатовай прадукцыі, а таксама падзяліўся планамі на далейшае развіццё прадпрыемства. А яны звязаны не толькі з матэрыяльным абсталяваннем, якое дазваляе ўдасканальваць вытворчасць (напрыклад, нядаўна прадпрыемствам было набыта яшчэ 4 камплекты станкоў, што дазваляе паглыбіць металаапрацоўку), але і з кадравай палітыкай: тут шануюцца як вопытныя работнікі, так і маладыя спецыялісты, якія, скончыўшы профільныя ВНУ і прайшоўшы практыку, пачынаюць свой працоўны шлях на "Баір Вест".Наступным прадпрыемствам, з работай якога азнаёміліся Леанід Мартынюк, Алег Чыкіда і іншыя ўдзельнікі выязнога мерапрыемства, стала ТАА "Стартком", чый асноўны напрамак дзейнасці – вытворчасць упакоўкі з гофракардону для прадпрыемстваў харчовай, хімічнай, будаўнічай, мэблевай і іншых галін прамысловасці.
За 9 гадоў працы прадпрыемства заняло трывалае месца на профільным рынку. І ўсё гэта дзякуючы таму, што кліентам прапануецца поўны спектр паслуг ад праектавання і дызайну да дастаўкі гатовай прадукцыі, прычым па разумных коштах. А што да рэалізацыі, то сярод пакупнікоў - айчынныя вытворцы, чыя прадукцыя ва ўпакоўцы ад "Старткома" адпраўляецца не толькі па Беларусі, але і далёка за межы краіны.
Дарэчы, паспяховым аказаўся яшчэ адзін кірунак дзейнасці - выпуск станкоў для вытворчасці дробнасерыйнай буйнагабарытнай упакоўкі. Адрасаты - прадпрыемствы, якім не патрэбна вялікая серыйнасць: такія станкі дапамагаюць ім атрымаць істотную выгаду з дапамогай самастойнай перапрацоўкі адходаў вытворчасці. Як адзначыў дырэктар ТАА "Стартком" Вадзім Кулікоў, прадпрыемства з'яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам такіх станкоў.
У бліжэйшых планах вытворцы - пашырэнне за кошт новых зямельных участкаў. Гэта дазволіць не толькі павялічыць аб'ёмы вытворчасці, але і стварыць каля 40 новых працоўных месцаў, што актуальна і для жыхароў населеных пунктаў Вейнянскага сельсавета (прадпрыемства размешчана ў в. Навасёлкі), і для магіляўчан.
Завяршыўся працоўны візіт памочніка Прэзідэнта ў Магілёўскі раён знаёмствам з работай ТАА "БелАкваБай".
Прадпрыемства не проста маладое - юнае. 4 месяцы таму, 5 лютага 2024 года, тут была запушчана вытворчасць безалкагольных напояў, квасу і вады (у тым ліку з водарамі).
– Мы выпускаем больш за 30 найменняў прадукцыі. Больш за тое - зараз пачынаем выпуск яшчэ і мінеральнай вады, а ў планах - пашырыць лінейку напояў і паставіць яшчэ адну лінію, - паведаміў дырэктар прадпрыемства Валерый Даўленаў.
Рэалізацыя прадукцыі, якая запатрабавана круглы год, але асабліва зараз, у летні перыяд, ажыццяўляецца ва ўсіх гандлёвых сетках Беларусі, у тым ліку на аб'ектах нясеткавых кліентаў Магілёва і вобласці. А па аб'ёмах продажу квасу ТАА "БелАкваБай" выйшла на другое месца па Беларусі, уступаючы пакуль толькі вытворцам з Ліды.
Дарэчы, павелічэнне аб'ёмаў патрабуе і павелічэння колькасці працаўнікоў. І таму, калі на пачатак лютага іх было 40, то на сённяшні дзень - 72.
Калі ж казаць пра будучыню, то ў планах прадпрыемства павялічыць рэалізацыю і за межамі Беларусі. Цяпер доля экспарту невялікая (і гэта пераважна пакупнікі з Расійскай Федэрацыі), аднак цікавасць да прадукта ад ТАА "БелАкваБай" праяўляюць патэнцыйныя партнёры і з іншых краін. Прычым спецыялісты прадпрыемства гатовы ўлічваць не толькі ўмовы надвор'я (напрыклад, паўднёвых дзяржаў), але і гастранамічныя перавагі будучых пакупнікоў.
Падчас знаёмства Леаніда Мартынюка з прадпрыемствамі была дадзена высокая ацэнка іх рабоце, а таксама абмяркоўваліся розныя актуальныя пытанні, якія датычацца як дзейнасці гэтых вытворцаў, так і прыватнага сектара эканомікі ў цэлым. Магчымасці Дзяржаўнай праграмы падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нюансы падаткаабкладання, прадастаўленне зямельных участкаў, выкарыстанне банкаўскіх інструментаў, работа па імпартазамяшчэнні - усё гэта было прадметам канструктыўнай размовы. Вялікая ўвага надавалася і кадравай палітыцы, бо вопыт гэтых прадпрыемстваў аказаўся добрым прыкладам і стварэння новых рабочых месцаў, і граматнай работы як з вопытнымі спецыялістамі, так і з моладдзю.
Таццяна АРХІПАВА.
Фота Юліі МАРКОВІЧ.