Сакавік 2024 года стаў асаблівым для УА «Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга агралесатэхнічны каледж імя К.П. Арлоўскага». Бо 17 чысла гэтага вясновага месяца славутай установе адукацыі спаўняецца 80 гадоў.
Напярэдадні гэтай даты ў каледжы прайшлі святочныя мерапрыемствы, якія стартавалі з адкрыцця экспазіцыі «Помнім, шануем, ганарымся» – яна прысвечана людзям, якія ў розныя гады ўзначальвалі працу каледжа: Аляксандру Вісарыёнавічу Львову, Паўлу Канстанцінавічу Латышкевічу, Мікалаю Мацвеевічу Старавойтаву і Георгію Мікалаевічу Маліноўскаму.
А затым у актавай зале прайшло ўшаноўванне тых, хто і сёння ўносіць вялікі ўклад у работу ўстановы адукацыі.
На ўрачыстым мерапрыемстве прысутнічалі Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Магілёўскай вобласці Леанід Мартынюк, намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Курашова, архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка Сафроній і іншыя ганаровыя госці, а таксама прадстаўнікі навучальных устаноў, грамадскіх арганізацый, педагогі каледжа пад кіраўніцтвам дырэктара ўстановы Міхаіла Сасонка і, вядома ж, ветэраны.
… Гісторыя каледжа пачалася ў 1944 годзе, калі была адкрыта новая навучальная ўстанова – школа механізацыі сельскай гаспадаркі. А яе вучнямі сталі 60 будучых механізатараў: учорашнія франтавікі, звольненыя па раненні, партызаны, якія па ўзросце не падлягаюць мабілізацыі, і хлапчукі, якім ледзь споўнілася 14 гадоў.
Школа не раз была пасля рэарганізавана, але галоўнае заставалася нязменным – установа адукацыя рыхтавала кваліфікаваныя кадры для сферы АПК. У выніку за дасягнутыя поспехі 12 чэрвеня 1967 года сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылiшча №1 (такой на той момант была назва) было ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
22 мая 1975 года Пастановай Савета Міністраў БССР вучылішчу прысвоена імя Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы Кірыла Пракопавіча Арлоўскага.
Важнай вяхой у гісторыі станаўлення каледжа стаў 2005 год, калі на базе каледжа быў адкрыты ўнікальны прыродаахоўны аб'ект «Заасад» – навучальная лабараторыя для навучання будучых спецыялістаў лясной гаспадаркі.
За 80 гадоў было падрыхтавана больш за 75 тысяч кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў. Больш за 100 працаўнікоў, якія атрымалі тут прафесію, узнагароджаны ордэнамі Леніна і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, 10 - ордэнам Леніна, больш за паўтары тысячы іншымі ордэнамі і медалямі. 6 выпускнікоў удастоены высокага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Гэта Уладзімір Скалуба, Соф'я Юргель, Аляксандр Банкоў, Рыгор Пускін, Аляксей Каралёў, Мікалай Рудзенка. А Андрэю Мельнікаву, які загінуў у Афганістане, было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Сёння каледж – гэта сучасныя навучальныя кабінеты і майстэрні, унікальны для Беларусі цэнтр кампетэнцыі тэхналогій сельскай гаспадаркі, больш за 200 адзінак тэхнікі і абсталявання ў машынна-трактарным парку. Падрыхтоўку кадраў вядуць 119 кіруючых, педагагічных работнікаў, вядучых спецыялістаў і служачых, у тым ліку 35 выкладчыкаў і 25 майстроў вытворчага навучання. Сярод іх - 5 заслужаных работнікаў і 28 выдатнікаў прафтэхадукацыі. Навучэнцы і выкладчыкі шмат разоў займалі прызавыя месцы на конкурсах «Лепшы па прафесіі». І ўсё гэта дазваляе назваць каледж адной з вядучых сучасных навучальных устаноў сельскагаспадарчага профілю.
Віншуючы прысутных са знакавай датай, Леанід Мартынюк падкрэсліў, што сёння каледж - гэта дастойны прыклад спалучэння традыцый і інавацый у галіне прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
– Вы па праве можаце ганарыцца яркімі старонкамі біяграфіі каледжа, імёнамі тых, хто стаяў ля вытокаў яго стварэння, хто забяспечвае яго аўтарытэт і сёння.
Агралесатэхнічны каледж уносіць вялікі ўклад у развіццё вобласці. І вельмі важна, што акрамя асноўнай адукацыйнай дзейнасці ўстанова праводзіць вялікую працу па грамадзянска-патрыятычным выхаванні маладога пакалення.
Словы Леаніда Мартынюка падтрымалі і іншыя выступоўцы. Так, Ірына Курашова адзначыла, што каледж прайшоў слаўны шлях станаўлення і развіцця, з'яўляючыся сапраўднай кузняй высокакваліфікаваных кадраў, і мае статус адной з лепшых устаноў адукацыі для сельскай і лясной гаспадаркі краіны.
– Сёння ўстанова з'яўляецца буйным інавацыйным адукацыйным комплексам, які забяспечвае бесперапынную шматузроўневую прафесійную падрыхтоўку спецыялістаў.
Дзякуючы мэтанакіраванасці, стваральнай энергіі і ўменню беражліва захоўваць закладзеныя традыцыі калектыў каледжа нязменна дабіваецца высокіх поспехаў у ажыццяўленні самых смелых планаў і ідэй,– падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама.
Супрацоўнікі каледжа, якія ўносяць вялікі ўклад у развіццё ўстановы адукацыі, у прафесійную падрыхтоўку навучэнцаў і выхаванне маладых людзей у духу патрыятызму, у гэты дзень былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі, Падзякамі, Падзячнымі пісьмамі аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў а таксама Ганаровымі граматамі УА «Магілёўскі дзяржаўны ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга агралесатэхнічны каледж імя К.П. Арлоўскага».
Ну а ўзмацніць атмасферу ўрачыстасці і свята дапамагалі канцэртныя нумары ад творчых калектываў горада і вобласці, якія адорвалі добрым настроем і падкрэслівалі значнасць таго, што адбываецца.