• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Маршрутамі адзінства: аўтапрабег да Дня народнага адзінства прайшоў у Магілёўскім раёне

16.09.2024

Ужо стала традыцыяй напярэдадні дзяржаўных святаў і важных дат праводзіць патрыятычныя аўтапрабегі. Не стаў выключэннем і Дзень народнага адзінства, які ўся краіна будзе адзначаць 17 верасня. Напярэдадні гэтага самага маладога дзяржаўнага свята на тэрыторыі Магілёўскага раёна быў арганізаваны аўтапрабег "Маршрутамі адзінства", у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі працоўных калектываў, выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый і палітычных партый.

 

Аўтакалона (а ў ёй было каля 20 аўтамабіляў) пачала свой шлях ад мемарыяльнага комплексу "Зямлянка", а першым "прыпыначным пунктам" стаў гадавальнік дэкаратыўных раслін "Маленькі рай" у вёсцы Вялікая Бароўка, дзе вырошчваецца больш за 450 відаў іглічных раслін, лісцяных дрэў і кустоў.

Наступным пунктам прызначэння стаў аграгарадок Кадзіна. Тут удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі да магілы савецкіх воінаў, якія загінулі пры вызваленні Магілёўскага раёна, паглядзелі (а затым абмеркавалі) кінафільм "Культурны код", наведалі музей Кадзінскай сярэдняй школы, храма святога велікамучаніка і лекара Панцеляймона, пасадзілі каля школы туі ў гонар аўтапрабегу. Дадаў усім пазітыву і танцавальны флэшмоб "Мы зможам усё, калі мы разам".

Сур'ёзныя пытанні абмяркоўваліся на дыялогавай пляцоўцы "Разам мы – Беларусь", у якой спікерамі выступалі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка, намеснік старшыні Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Міхаіл Жудро, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса.

Варта адзначыць, што сярод удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі былі і школьнікі – члены хакейнай каманды "Кадзiнскія львы", якія ведаюць, што такое, калі ў твой гонар падымаецца сцяг і гучыць гімн.

Заключным пунктам аўтапрабегу стала сямейная конна-спартыўная база "Ратош" у вёсцы Гародня, дзе ўдзельнікі мерапрыемства ацанілі ўзровень паказальнай праграмы выступлення коней, а заадно змаглі пакарміць жывёл спецыяльна прывезенай морквай новага ўраджаю.