• Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

Маршруты, якія аб'ядноўваюць: у Магілёўскім раёне рэалізуюць турыстычны праект для працоўнай моладзі

17.09.2024

Маршруты, якія аб'ядноўваюць. Пад такой назвай у Магілёўскім раёне трэці год рэалізуецца турыстычны праект для працоўнай моладзі. Падчас зборных экскурсійных паездак маладыя спецыялісты – прадстаўнікі розных галін і арганізацый - не толькі спазнаюць родную Беларусь, але і знаёмяцца, маюць зносіны і натхняюцца на новыя сумесныя падарожжы. Даведаемся, куды ж прывялі шляхі-дарогі моладзь з сельскагаспадарчых арганізацый раёна напярэдадні Дня народнага адзінства. 

Першым пунктам на карце новага маршруту стаў мемарыяльны комплекс "Памяці спаленых вёсак" у вёсцы Боркі Кіраўскага раёна. 15 чэрвеня 1942 года фашыстамі тут была праведзена самая буйная на тэрыторыі Беларусі карная аперацыя - знішчана больш за дзве тысячы жыхароў вёскі Боркі і навакольных вёсак. Узведзены мемарыяльны комплекс сёння з'яўляецца захавальнікам народнай памяці і сімвалам усіх спаленых вёсак Магілёўскай вобласці.

Наступны прыпынак - аграгарадок Мышкавічы. Вялікую цікавасць у маладых працаўнікоў сельскай гаспадаркі выклікаў аповяд экскурсавода пра гісторыю легендарнага калгаса "Рассвет", выбітную асобу яго кіраўніка – Кірыла Пракопавіча Арлоўскага, пра сучасныя дасягненні гаспадаркі. 

Працягнулася экскурсія знаёмствам з Жыліцкім палацава-паркавым ансамблем – некалі радавым маёнткам Булгакаў, а сёння – візітнай карткай Кіраўскага раёна. Цікавы факт: больш за два гады таму моладзь нашага раёна ўжо наведвала гэты турыстычны аб'ект. Тады поўным ходам ішлі работы па аднаўленні гэтай жамчужыны гісторыка-культурнай спадчыны, у палацы працавалі дзясяткі рэстаўратараў і будаўнікоў. Сёння абноўлены жыліцкі Версаль дзівіць сваёй пышнасцю і складае сур'ёзную турыстычную канкурэнцыю Мiру і Нясвіжу.

Кожны новы маршрут – гэта новыя знаёмствы, эмоцыі і ўражанні. Удзельнікі экскурсіі выказалі падзяку за яе арганізацыю аддзелу ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама і раённаму камітэту прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.