Прадстаўнікі ЗАТ "Сервалюкс Агра" Сяргей Май і Рыгор Бокач, якія працуюць на камбайнах "John Deere S780", зусім нядаўна прымалі віншаванні з першай тысячай тон намалоту збожжа новага ўраджаю (першыя ў вобласці, трэція ў краіне!). І вось новае дасягненне - уладары палёў выйшлі на паказчык у 2 тысячы тон! І зрабілі гэта першымі не толькі ў Магілёўскім раёне і вобласці, але і ў краіне!
Павіншаваць аграрыяў з новымі дасягненнямі на поле, размешчанае ля вёскі Вялікае Запаточча, прыбылі прадстаўнікі выканаўчай улады вобласці і раёна, кіраўнікі гаспадаркі, лідэры прафсаюзнага руху. У іх ліку - старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Савіцкі, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Генадзь Давыдаў.
– Прадпрыемства ўжо завяршыла ўборку азімага ячменю, – паведаміў намеснік дырэктара па аддзяленні "Гуслішчы" ЗАТ "Сервалюкс Агра" Аляксей Дземідзенка. – З палёў плошчай 1113 га было намалочана 5350 тон з ураджайнасцю 48,1 ц/га. Учора прыступілі да ўборкі азімай пшаніцы. І ўжо ўбрана каля 440 га з засеяных 1800 га. Менавіта гэта праца - уборка азімай пшаніцы - і вядзецца на полi, дзе мы ўшаноўваем нашых першых двухтысячнікаў.
Зададзены прадпрыемствам тэмп дазваляе з аптымізмам глядзець на будучыя вынікі сёлетняй уборачнай кампаніі. Аб гэтым гаварылі і ганаровыя госці, якія адзначылі вялікі ўклад працаўнікоў палёў у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, іх прафесіяналізм і гатоўнасць шанаваць кожнае імгненне. І, вядома, была выказана ўпэўненасць, што не за гарамі новыя дасягненні – сябры-калегі Сяргей Май і Рыгор Бокач гатовы браць новыя вышыні, а заадно яны сталі арыенцірам для іншых аграрыяў, якія таксама вызначыліся ў сёлетняй уборачнай кампаніі.