XIII Пленум Магілёўскага раённага камітэта ГА "БРСМ" адбыўся ў зале пасяджэнняў Магілёўскага райвыканкама.
У яго рабоце прынялі ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова і першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА "БРСМ" Аляксандр Саксонаў.
На парадку дня - пяць пытанняў, асноўнае з якіх - абранне новага першага сакратара. Шляхам аднагалоснага галасавання маладзёжным лідэрам Магілёўскага раёна абрана Вікторыя Яфрэменка, якая да гэтага займала пасаду педагога-арганізатара ДУА "Вейнянская сярэдняя школа".
Падзякаваўшы прысутным за аказаны давер, Вікторыя Генадзеўна агучыла свае прапановы па ўдасканаленні дзейнасці Магілёўскага райкама ГА "БРСМ", зрабіўшы акцэнт на грамадзянска-патрыятычным выхаванні, працаўладкаванні моладзі, падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, развіцці валанцёрскага руху.
Таксама на пасяджэнні прысутнічала папярэдні першы сакратар Магілёўскага РК ГА "БРСМ" Яніна Аўрамёнак. Яна падзякавала ўсім за праведзеную сумесную работу і пажадала сваёй пераемніцы прадаўжаць гэту работу, удасканальваць яе і развіваць.
У сваю чаргу першы сакратар Магілёўскага абкама ГА "БРСМ" Аляксандр Саксонаў выказаў словы падзякі Яніне Аўрамёнак:
– Яніна Ігараўна шмат зрабіла, унесла свой уклад у развіццё арганізацыі. Усе задачы, якія стаялі перад ёй, яна паспяхова выконвала. Таму сям'я Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі назаўжды застанецца разам з вамі, – звярнуўся маладзёжны лідэр вобласці да Яніны Аўрамёнак.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова пажадала Вікторыі Яфрэменка поспехаў у яе новай дзейнасці і выказала надзею на тое, што з новым лідэрам маладзёжная арганізацыя Магілёўскага раёна стане яшчэ больш актыўнай і паспяховай.
Сапраўды, у Магілёўскім раёне жыве і працуе нямала таленавітых, ініцыятыўных і творчых маладых людзей. Таму будзем спадзявацца, што Вікторыя Генадзеўна аб'яднае іх і разам яны прыўнясуць у жыццё моладзі яркіх фарбаў, рэалізуюць шмат цікавых ідэй і праектаў.