Традыцыйнае навагодняе свята для дзяцей са шматдзетных сем'яў, сірот, дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама навучэнцаў школ Магілёўскага раёна, якія дабіліся высокіх вынікаў, прайшло ў ГУДА «Магілёўскі абласны цэнтр творчасці».
На маштабным святочным мерапрыемстве прысутнічалі Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Тарасенка, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Ірына Чындо, начальнік аддзела па адукацыі Магілёўскага райвыканкама Наталля Колас.
- Хай 2023 прынясе вам новыя перамогі, новыя здзяйсненні, стане плённым і цікавым, - пажадала рабятам Ірына Чында. - Не пераставайце марыць, верыць і натхняцца. І памятайце: не паспрабаваўшы, ніколі не даведаешся, на што ты здольны, не паверыўшы ў сябе - нічога не даможашся.
Працягам свята стала навагодняя музычная казка «Тры волаты і маладзільныя яблыкі», заснаваная на сюжэце вядомых мультыплікацыйных фільмаў пра Князя, верна служачых яму асілкаў і каня Гая Юлія Цэзара. Яркія спецэфекты, маляўнічыя дэкарацыі, папулярныя мелодыі і ўпадабаныя героі стварылі атмасферу сапраўднага чараўніцтва, падарылі гледачам навагодні настрой, станоўчыя эмоцыі і веру ў цуд.