У ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" адбылося ўрачыстае ўручэнне пасведчанняў дружынніка членам добраахвотнай дружыны прадпрыемства.
Удзел у такой значнай для добраахвотнікаў падзеі прынялі намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама, старшыня раённага штаба добраахвотных дружын Аляксандр Аляксо, намеснік начальніка аддзела ўнутраных спраў міліцыі грамадскай бяспекі Дзяніс Грыбко, кіраўніцтва і працоўны калектыў сельгаспрадпрыемства.
Адкрываючы мерапрыемства, Аляксандр Аляксо падзякаваў генеральнаму дырэктару ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" Анатолю Абадзінскаму за дапамогу і падтрымку членам добраахвотнай дружыны і выказаў словы ўдзячнасці дружыннікам за тое, што добраахвотна выказалi жаданне ўдзельнічаць у забеспячэнні правапарадку і грамадскай бяспекі на тэрыторыі Магілёўскага раёна.
Ва ўрачыстай абстаноўцы пасведчанні дружынніка былі ўручаны членам добраахвотнай дружыны птушкафабрыкі: Сяргею Смалякову, Алегу Цюсянкову, Ігару Цыркунову, Наталлі Абрамовіч і Наталлі Чарнагаловай. Акрамя таго, за добрасумленную працу, аказанне садзейнічання ў забеспячэнні правапарадку і грамадскай бяспекі на тэрыторыі Магілёўскага раёна Падзячным лістом Магілёўскага райвыканкама ўзнагароджаны камандзір добраахвотнай дружыны Сяргей Смалякоў.
А граматы ад імя старшыні Магілёўскага раённага штаба добраахвотных дружын уручаны Алегу Цюсянкову і Наталлі Чарнагаловай.
Дарэчы, паводле інфармацыі намесніка начальніка аддзела ўнутраных спраў Магілёўскага райвыканкама - начальніка міліцыі грамадскай бяспекі Дзяніса Грыбко, у Магілёўскім раёне зарэгістравана 13 добраахвотных дружын. Па выніках работы за 8 месяцаў бягучага года найбольш эфектыўна спрацавалі добраахвотнікі з ААТ "Палыкавічы", за што камандзір дружыны Арцём Пагірскі адзначаны Падзякай аддзела ўнутраных спраў Магілёўскага райвыканкама.