На Магілёўшчыне першы камбайнер-чатырохтысячнік! Ім стаў Сяргей Май з ЗАТ "Сервалюкс Агра" Магілёўскага раёна. Перадавік жніва прымаў віншаванні прама ў полі, дзе зараз ідзе ўборка азімай пшаніцы. Павіншаваць яго з высокім вынікам, а таксама ўручыць падзякі і грашовыя прэміі прыехалі старшыня Магілёўскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Пятровіч, старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, старшыня Магілёўскага райсавета дэпутатаў Сяргей Ерошчанка, намеснік старшыні - начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы Генадзь Давыдаў, дырэктар ЗАТ "Сервалюкс Агра" Васіль Мазурык, старшыня Магілёўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Валянцін Салавей, прадстаўнікі райсельгасхарча і гаспадаркі.
– Вынікамі і дасягненнямі Сяргея Мая ганарыцца ўся Магілёўская вобласць! Хай і далей ён застаецца лідэрам у сваёй нялёгкай справе і праслаўляе сваю малую радзіму самаадданай працай, - падкрэсліў Уладзімір Пятровіч, віншуючы перадавіка.
Лідэру жніва таксама пажадалі далейшых працоўных перамог і новых дасягненняў.
Па словах намесніка дырэктара ЗАТ "Сервалюкс Агра" па аддзяленні "Гуслішчы" Аляксея Дземідзенкі, чатырохтысячны рубеж перадавік пераадолеў бы яшчэ на выхадных, калі б не падвяло дажджлівае надвор'е.
— Прастойвалі двое сутак: прайшлі моцныя дажджы, і сёння першы дзень, як выехалі ў поле — працягваем убіраць азімую пшаніцу, — падкрэсліў Аляксей Дземідзенка. - Працуем з абеду і будзем прыбіраць да позняга вечара. На гэты момант намалочана 5,5 тыс. тон азімай пшаніцы, убрана 75 працэнтаў плошчаў, засеяных пад гэту культуру. Уборку азімага ячменю завяршылі ўжо даўно, яго ўраджайнасць склала 48 ц/га. Азімы рапс мы таксама ўжо прыбралі - даў каля трох тон з гектара. Заканчваем убіраць зернебабовыя: у нас гарох у чыстым выглядзе ўраджайнасцю каля 27 ц/га. Пасля заканчэння ўборкі азімых будзем прыступаць да яравой пшаніцы. Паралельна падыдуць першыя тэрміны сяўбы яравога рапсу.
Першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Генадзь Давыдаў адзначае: сёння ў розных гаспадарках раёна прыбіраюцца практычна ўсе культуры — ячмень, пшаніца, трыцікале.
— У цяперашні час мы набліжаемся да экватара: убрана каля 45% плошчаў, намалочана больш за 50 тыс. т збожжа. Поўнасцю завяршылі ўборку рапсу - намалочана больш як 13,5 тыс., і гэта добры ўраджай. Да нядаўняга часу надвор'е садзейнічала нашым хлебаробам, аднак у апошнія дні ўнесла свае карэктывы, таму ў апошнія два дні дзённы намалот складаў невялікую колькасць, — сказаў на заканчэнне кіраўнік райсельгасхарчу.
Крыніца: pniva