Важныя дэталі
У Магілёўскай вобласці сёлета да партфеля інвестпраектаў па праграме "Адзін раён — адзін праект" дабавілася шэсць новых. Поўным ходам увасабляе ў жыццё бізнес-ідэю прадпрыемства ў Магілёўскім раёне. Калі раней ТАА "Баір Вест" збірала прамысловыя кандыцыянеры з імпартных дэталяў, то зараз наладжвае выпуск уласных кампанентаў. Галоўная мэта — стаць незалежнымі ад еўрапейскіх пастаўшчыкоў і атрымаць канкурэнтаздольную прадукцыю.
СКАЗАНА
— Неабходна прыняць меры па забеспячэнні максімальнай тэхналагічнай незалежнасці і стварэнні ўмоў для ўстойлівай працы эканомікі, якая не залежыць ні ад якіх санкцый. І гэта стратэгічная задача для нашага прамысловага комплексу.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане і задачах развіцця прамысловасці, 9 красавіка 2024 года.
Вырабіць сваё — больш выгадна
Сваю прадукцыю — прамысловыя кандыцыянеры — магілёўскі завод пастаўляе на БелАЭС, беларускія прамысловыя прадпрыемствы, у клінікі, гандлёвыя цэнтры, басейны. Каля 80 працэнтаў вырабляемага адпраўляе на экспарт. Запусціць канвеер па вырабе імпартазамяшчальных дэталей? Такая бізнэс-ідэя даўно разглядалася як пэрспэктыўная, санкцыі толькі паскорылі яе рэалізацыю. Дырэктар прадпрыемства Алег Казакоў дэманструе камплектуючыя ўласнай вытворчасці і пералічвае плюсы інвестпраекта:
— Вось працоўнае кола вентылятара, цеплаабменнік, якія сышлі з нашага канвеера, не трэба зараз марнаваць валюту на іх куплю, а выкананне нашых абавязацельстваў перад заказчыкамі па кантракце не будзе залежаць ад палітычных гульняў на сусветным рынку. З рэалізацыяй інвестпраекта нам зараз па вялікім рахунку патрабуюцца толькі прывазныя рухавікі.
Інвестыцыі ў праект склалі каля аднаго мільёна долараў. Закуплена самае сучаснае абсталяванне — станок лазернага рэзання металу і такарна-фрэзерны цэнтр з ЧПУ. Чакаюць пастаўку апошняй партыі станкоў, каб поўнасцю рэалізаваць інвестпраект.
— Праз тры-чатыры гады ўкладаннi акупяцца, — дзеліцца падлікамі Алег Казакоў. — Самім вырабіць з ліста металу, скажам, элементы цеплаабменніка ў пяць разоў танней, чым купіць імпартныя. Нашы тэхнолагі і канструктары днём і ноччу на працягу года распрацоўвалі новыя тэхналагічныя рашэнні.
Праца над якасцю
У канструктарскім бюро каля трох дзясяткаў інжынераў, амаль усе яны маладыя спецыялісты. Выпускнік БРУ Юры Навумянкоў прыйшоў на завод тры гады таму па рэкамендацыі таварыша:
— Зарплата добрая і праца творчая — усё, як мне і абяцалі. Цяпер ствараю 3D‑мадэль сістэмы кандыцыянавання для басейна. На такім аб'екце свае патрабаванні да клімат-кантролю — яны зусім іншыя, чым да абсталявання для рэанімацыі ў бальніцы. Мая задача — злучыць канструктарскія рашэнні з тэрмінам акупляльнасці аб'екта, гэта значыць знайсці баланс паміж коштам і якасцю.
"Выкрайка" вырабу з кампутара канструктара аказваецца на маніторы станка з ЧПУ ў інжынера ў цэху металаапрацоўкі. З дапамогай спецыяльнай праграмы чарцёж раскладваецца на дэталі так, каб мінімізаваць адходы матэрыялу.
Асаблiвая катэгорыя вырабаў з павышанымі патрабаваннямі надзейнасці — сістэмы вентыляцыі і кандыцыянавання для БелАЭС, а таксама іншых атамных электрастанцый, якія будуе "Расатам" у розных краінах. Гарантыйны тэрмін службы такіх установак — 60 гадоў, да іх прад'яўляюцца павышаныя патрабаванні па запасе трываласці, сейсматрываласці. Каб атрымаць ліцэнзію на права ўдзелу ў такіх праектах, прадпрыемства ўтрая павялічыла штат аддзела кантролю якасці і ўдасканаліла сістэму якасці — ад уваходнага кантролю матэрыялаў да выпрабаванняў гатовай прадукцыі.
Цяпер на працу ў ТАА "Баір Вест" прыязджаюць нават з Магілёва: усяго каля 170 чалавек. Інвестпраект прадугледжвае стварэнне новых працоўных месцаў. Разважаючы аб перспектывах развіцця прамысловай вытворчасці, Алег Казакоў адзначае:
— На рынку будзе карыстацца попытам толькі інавацыйны прадукт. Калі казаць пра трэнды ў нашым сегменце, то першым чынам — энергаэфектыўнасць, аўтаматызацыя, рабатызацыя і цыфравізацыя вытворчасці. Мы вырабляем не толькі жалеза, але і аўтаматыку. Абсталяванне сёння павінна мець некалькі відаў дыстанцыйнага кіравання, каб адзін аператар мог абслугоўваць максімальную колькасць установак. А для гэтага абавязкова трэба разьвіваць навуку. Супрацоўнічаем з кафедрай цеплахладатэхнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій. Сама інавацыя — наша інтэлектуальная ўласнасць, але, каб тэхналогія развівалася, неабходна навуковая база. Калі б яе не стваралі, не вытрымалі б канкурэнцыю. Наш вопыт паказаў, што адзіная магчымасць утрымацца на рынку — імкнуцца да незалежнасці ад пастаўшчыкоў, працаваць над імпартазамяшчэннем, інвеставаць у навацыі.
ДАРЭЧЫ
Першы інвестпраект па праграме "Адзін раён — адзін праект" у Магілёўскім раёне ўжо рэалізаваны: завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду запусціў рэзідэнт СЭЗ "Магілёў" ЗТАА "Омск Карбон Магілёў". Інвестыцый у асноўны капітал асвоена звыш 320 мільёнаў рублёў. Створана каля 570 працоўных месцаў — на 150 больш, чым прадугледжваў праект.
У цэлым за апошнія пяць гадоў у эканоміку Магілёўскага раёна прыцягнута 2 мільярды рублёў інвестыцый і працаўладкавана звыш 1600 чалавек за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцей.
КАМЕНТАР
Намеснік начальніка ўпраўлення інвестыцыйнай і інавацыйнай дзейнасці камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Марыя Якубоўская:
— Праграма "Адзін раён — адзін праект" накіравана на прыцягненне інвестараў не толькі ў буйныя гарады — у першую чаргу ў сельскую мясцовасць. Палова раёнаў у галіне аграрныя, інвестпраекты абапіраюцца на ўласную сыравіну і кампетэнцыі. Напрыклад, у Кіраўскім раёне запусцілі новае швейнае прадпрыемства, неўзабаве там з'явіцца вытворчасць бульбы фры. У Бялыніцкім раёне збіраюцца здабываць з возера сапрапель, у Глускім развіваецца дрэваапрацоўчае прадпрыемства, у Чавускім наладжаны выпуск розных відаў кабеля. Буйны прамысловы праект рэалізуе Магілёўскі металургічны завод. Даручэнне Кіраўніка дзяржавы заахвоціла ўлады на месцах шукаць інвестараў і распрацоўваць перспектыўныя бізнес-ідэі, старшыні гар- і райвыканкамаў нясуць персанальную адказнасць за рэалізацыю праектаў. Бо вынік — вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі, стварэнне новых працоўных месцаў і развіццё рэгіёнаў.
У Магілёўскай вобласці спіс інвестпраектаў па праграме "Адзін раён — адзін праект" сёлета папоўніўся шасцю пунктамі. Усяго праектаў — 31 агульным коштам каля 1,3 мільярда рублёў, сем з іх ужо рэалізаваны. Па ўсіх інвестпраектах плануецца стварыць мінімум паўтары тысячы новых працоўных месцаў.
Алена Кукшынская, фота Андрэя Сазонава, СБ