2024 год для аднаго з вядучых прадпрыемстваў АПК Магілёўскага раёна – ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" – стаў асаблівым. У лютым на падвядзенні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2023 год прадпрыемства стала найлепшай сельскагаспадарчай арганізацыяй Магілёўскага раёна. А 18 мая птушкафабрыка адзначыла паўвекавы юбілей.
На ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным 50-годдзю прадпрыемства, прысутнічалі прадстаўнікі кіраўніцтва Магілёўскага раёна і грамадскіх арганізацый, ветэраны, якія ўнеслі ўклад у развіццё птушкафабрыкі, а таксама тыя, хто сёння працягвае іх традыцыі.
Са сцэны гучалі словы віншаванняў, падзякі і прызнання заслуг прадпрыемства ў развіцці раёна:
– За 50 гадоў у прадпрыемства былі розныя перыяды – узлёты і падзенні, – адзначыў генеральны дырэктар ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" Анатоль Абадзінскі. - Але дзякуючы самаадданай працы работнікаў прадпрыемству ўдалося выйсці на высокі ўзровень і працягнуць развіццё. Хачу падзякаваць маім папярэднікам і цяперашняму працоўнаму калектыву за ўсё, што было зроблена.
– Можна з упэўненасцю сказаць, што гэта гаспадарка ўносіць вялікі ўклад у развіццё не толькі раёна, але і ўсёй краіны. Веру, што вам па сілах дасягнуць новых вышынь, – падкрэсліў намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Генадзь Давыдаў.
– За паўстагоддзя на прадпрыемстве было зроблена вельмі шмат. А цяпер птушкафабрыка "Раманавічы" для многіх стала сапраўдным арыенцірам і прыкладам паспяховага пошуку новых шляхоў развіцця, – адзначыў старшыня Магілёўскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Валянцін Салавей.
Падчас урачыстага мерапрыемства лепшым работнікам птушкафабрыкі і ветэранам былі ўручаны ганаровыя граматы прадпрыемства, прафсаюзнай і ветэранскай арганізацый. А ўзмацніў атмасферу свята канцэрт творчых калектываў вобласці.