Новыя прыдарожныя аб'екты для пасадкі і высадкі пасажыраў з уладкаваннем крытага аўтапавільёна з'явіліся ў аграгарадку Рэчкі, што стала паказчыкам хуткага рэагавання на звароты грамадзян.
– Раней людзям было не вельмі зручна – даводзілася далёка ісці, каб сесці на маршрутку “Магілёў-Рэчкі”, – расказвае старшыня Пашкоўскага сельвыканкама і жыхарка аграгарадка Рэчкі Ларыса Кавальчук. – Але ж сярод пасажыраў шмат і людзей сталага веку, і мам з дзецьмі. Таму мясцовыя жыхары звярнуліся з просьбай арганізаваць афіцыйны прыпынак з яго ўладкаваннем. Усе датычныя службы хутка адрэагавалі, і ў выніку ў зручным для ўсіх жыхароў месцы з'явіліся зручныя прыпынкі.
Думку Ларысы Кавальчук падтрымлівае і галоўны бухгалтар ЗАТ "Агракамбінат "Зара" Алена Палушкіна:
– Вялікі дзякуй і выканаўчай уладзе, і дэпутатам, і, вядома, работнікам ДРБУ №128, што адрэагавалі на нашу просьбу. Цяпер не трэба з цяжкімі сумкамі пераадольваць вялікія адлегласці пешшу. Устаноўлены прыпынкі ў абодва бакі – з магчымасцю пасядзець у чаканні транспарту і схавацца ад дажджу і ветру. Гэта зручна і мясцовым жыхарам, і тым, хто прыязджае да нас у Рэчкі.
Начальнік філіяла КУП "Магілёўаблдарбуд" - ДРБУ №128 Дзмітрый Канцавы падкрэсліў, што праца будзе працягнута, а рэагаванне на звароты грамадзян, як было ў выпадку з жыхарамі аграгарадка Рэчкі, – важны складнік гэтай працы.