Вера Касценка - знакавая фігура. Яе імя добра вядома і ў Магілёўскім раёне, і за яго межамі. Райкамы і абкамы камсамола і партыі, "Беларускае таварыства "Веды", аддзел падрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кадраў абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама… Усюды, дзе працавала Вера Феафанаўна, яе ведалі як прафесіянала і чалавека, усёй душой адданага сваёй справе. І зараз, даўно знаходзячыся на заслужаным адпачынку, яна па-ранейшаму жыва цікавіцца жыццём Магілёўскага раёна.
Не так даўно Вера Касценка наведала Палыкавіцкі сельсавет, каб даведацца, чым дыхае гэты куток Магілёўскага раёна.
Палыкавіцкі сельвыканкам размяшчаецца ў адным будынку з адміністрацыяй ААТ "Палыкавічы". Таму ці варта дзівіцца, што ў размове са старшынёй сельвыканкама Таццянай Русаковай, намеснікам дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце Анастасіяй Хмялеўскай і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алесяй Купцовай цесна перапляліся тэмы і ходу ўборачнай кампаніі, і развіцця аграгарадка, і жыццёвых прыярытэтаў.
Вера Феафанаўна цікавілася сітуацыяй на палях і жывёлагадоўчымі аб'ектамі, дзейнасцю прафсаюзнай арганізацыі і кадравай работай.
Дарэчы, ААТ "Палыкавічы" сёлета будзе адзначаць 95-годдзе. З якімі вынікамі прадпрыемства, якое ўсяго на пяць гадоў малодшае за Магілёўскі раён, падыдзе да святкавання гэтага юбілею, – гэта таксама стала тэмай прадметнай размовы.
Жывую цікавасць выклікаў і разгляд работы з маладымі спецыялістамі. Вера Феафанаўна дзялілася ўспамінамі з уласнага юнацтва, цікавілася, як зарабляюць маладыя спецыялісты і якія ўмовы для жыцця і працы ім забяспечваюцца. Падчас размовы ўзнікла і заканамернае пытанне - як зрабіць так, каб моладзь не з'яжджала з вёскі і каб праца ў сферы сельскай гаспадаркі была не менш папулярнай, чым у навамодным ай-ці. Адказы на гэтае пытанне ва ўдзельнікаў сустрэчы былі розныя, але ў адным сышліся ўсе - гэтая праца карпатлівая, не аднаго дня, а пачынацца яна павінна з ранняга дзяцінства, каб выпускнік, які рашыў атрымліваць адукацыю для працы ў АПК, рабіў гэта свядома. Зрэшты, варта адзначыць, што ў Магілёўскім раёне гэта пытанне не пушчана на самацёк. Таму і маладыя спецыялісты (хай і не ўсе), але затрымліваюцца ў раёне, і дынастыі ў сельскай гаспадарцы ў нас не рэдкасць.
АБ БУДАЎНІЦТВЕ ДЗІЦЯЧАГА САДКА
Для Веры Феафанаўны Касценка палыкавіцкая зямля добра знаёмая. Яна прыгадвала, як на тэрыторыі, дзе зараз вырас амаль мікрараён, калісьці былі сельскагаспадарчыя ўгоддзі…
Навіны, улічваючы, з якім трапятаннем яна заўсёды ставілася да сельскай працы, да яе значнасці, выклікалі ў яе супярэчлівыя пачуцці. Але затое будаўніцтва новага дзіцячага сада на 75 месцаў, які ўзводзіцца ў квартале жылой забудовы "Красавiк" у аграгарадку Палыкавічы, неабыяковую жанчыну натхніла! Бо менавіта дзеці могуць удыхнуць жыццё ў любы населены пункт. Прычым як у пераносным сэнсе - сваім жыццялюбствам і запалам, так і амаль у прамым - напэўна хтосьці з будучых падрослых дзіцей вырашыць застацца на сваёй малой радзіме.
Галоўнае, што хацела абмеркаваць Вера Феафанаўна ў паездцы, - якія перспектывы развіцця вёскі. Пагрузіўшыся ў тэму, яна шмат што з убачанага параўноўвала з жыццём вёскі ў 60-80-х гадах мінулага стагоддзя. Нешта яе радавала, нешта прымушала сумаваць. А сёе-тое захапіла. І ў першую чаргу гэта... Камінтэрнаўская сярэдняя школа.
Дагледжаная тэрыторыя, экспазіцыя ў гонар 100-годдзя Магілёўскага раёна і нават сямейства буслоў, якія ганарліва расхаджваюць па зялёнай траве каля школы. А галоўнае - Веру Касценка натхніла размова з дырэктарам установы Ірынай Мікалаевай.
– Нашай школе сёлета спаўняецца 60 гадоў. Дзяцей у нас шмат - у кожным класе па 20-25 чалавек. Для мясцовых дзяцей створаны ўсе неабходныя ўмовы - у тым ліку ёсць магчымасць займацца спортам, музыкай. Вялікая ўвага надаецца і прывіццю дзецям розных працоўных навыкаў. Напрыклад, у канікулярны час у нас арганізавана работа вучнёўскіх вытворчых брыгад. А яшчэ мы ўсе з задавальненнем займаемся садам, які высаджаны ў нас побач са школай, - падзялілася Ірына Мікалаева.
Ну а сапраўдным сімвалам таго, што дзецям тут камфортна, на думку ўсіх удзельнікаў сустрэчы, сталі пяць буслоў.
– Каля школы гэтыя прыгожыя птушкі звілі гняздо. І зараз яны ўвесь час сюды прылятаюць, часам нават па школьным двары гуляюць, цешачы і дарослых, і дзяцей, - распавяла Ірына Мікалаева.
Вяртаючыся з Палыкавічаў, Вера Феафанаўна Касценка дзялілася ўражаннямі і разважаннямі:
– Галоўнае – удыхнуць жыццё ў нашы аграгарадкі і вёскі. Трэба мацаваць вёску. Бо як сказаў Прэзідэнт, сяло – гэта падмурак дзяржавы. Мне вельмі хочацца, каб сённяшняя размова не была забытая. І я вельмі веру ў людзей – працавітых і сумленных, якіх у Магілёўскім раёне нямала.