Падчас рэалізацыі праекта Прэзідэнцкага спартыўнага клуба "Спорт для ўсіх" і пры падтрымцы ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" ў аграгарадку Раманавічы адкрылі сучасную шматфункцыянальную сілавую пляцоўку для варкаўту і фізічных практыкаванняў.
Сімвалічна, што адкрыццё гэтага сацыяльна значнага аб'екта адбылося напярэдадні святкавання Дня Незалежнасці і 80-й гадавіны вызвалення Беларусі, а таксама напярэдадні 100-годдзя з дня ўтварэння Магілёўскага раёна.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса, генеральны дырэктар ТАА "Птушкафабрыка "Раманавічы" Анатоль Абадзінскі, выконваючы абавязкі старшыні Кадзiнскага сельвыканкама Андрэй Шароў, загадчык сектара спорту і турызму Магілёўскага райвыканкама Святлана Кірэева, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб'яднанняў і жыхары аграгарадка.
Віншуючы прысутных з надыходзячымі святамі, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса адзначыў, што ў раёне многае зроблена для паляпшэння якасці жыцця людзей і работа ў гэтым кірунку працягваецца. За гэты год у населеных пунктах Магілёўскага раёна адкрылі восем дзіцячых пляцовак, а гэты сучасны спартыўны комплекс, які жыхарам аграгарадка Раманавічы падарыў Прэзідэнцкі спартыўны клуб пры падтрымцы мясцовай птушкафабрыкі, прадаставіць ім магчымасць годна праводзіць вольны час і падтрымліваць здаровы лад жыцця.
– Няхай гэта пляцоўка стане добрым пачаткам для таго, каб імёны жыхароў аграгарадка Раманавічы прагучалі на самым высокім спартыўным узроўні, - выказала пажаданне загадчык сектара спорту і турызму Магілёўскага райвыканкама Святлана Кірэева.
Ганаровае права перарэзаць чырвоную стужку і адкрыць спартыўную пляцоўку было прадастаўлена Аляксандру Алекса, Анатолю Абадзінскаму і Андрэю Шарову, пасля чаго мясцовая дзятва адразу пачала асвойваць новыя трэнажоры.
– Хочацца выказаць словы вялікай падзякі ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве гэтага цудоўнага спартыўнага комплексу, які нашы хлопцы ўжо паспелі апрабаваць і ацаніць па заслугах, - падкрэсліла мясцовая жыхарка Кацярына Абрамовіч, якая прыйшла на адкрыццё пляцоўкі з дачкой Палінай і хросніцамі Аляксандрай і Уладзіславай. - У нашым аграгарадку шмат дзяцей, таму такі комплекс быў проста неабходны. Цяпер мы ведаем, што нашы дзеці будуць бавіць вольны час з карысцю для здароўя.
Ну а непрыхаваныя дзіцячыя ўсмешкі і станоўчыя эмоцыі ад першых заняткаў на новай пляцоўцы сталі самай вялікай падзякай Прэзідэнцкаму спартыўнаму клубу і кіраўніцтву птушкафабрыкі "Раманавічы" за такі падарунак.