У гандлёвай сетцы Магілёўскага райспажыўтаварыства штомесяц прапрацоўваецца пытанне з вытворцамі аб правядзенні маркетынгавых мерапрыемстваў са зніжэннем адпускных цэн. Пра гэта расказала старшыня райспажыўтаварыства Аксана Ліхута.
Так, у мінулым месяцы было ўзгоднена больш за пяцьсот пазіцый розных тавараў са зніжкай ад 10 да 30 працэнтаў. Для неабароненых пластоў насельніцтва дзейнічае акцыйная прапанова, якая дае скідкі на сацыяльна значныя тавары з рознічнага кошту ў памеры 10 працэнтаў.
– Нашай гандлёвай службай на пастаяннай аснове вядзецца кантроль за сітуацыяй на спажывецкім рынку па недапушчэнні дэфіцыту або скарачэння асартыменту рэалізуемых тавараў, аб чым гавораць і лічбы: за пяць месяцаў бягучага года аб'ём рознічнага тавараабароту ў Магілёўскім раёне склаў 13,7 млн рублёў, тэмп росту - 104,1 працэнта пры даведзеным заданні - 103 працэнты, - адзначыла Аксана Ліхута.
У вяснова-летні перыяд вялікая дапамога для райспажыўтаварыства - арганізацыя сезоннага гандлю. З красавіка ўжо арганізавана сезонная работа 8 дробнарознічных гандлёвых аб'ектаў у месцах дачных кааператываў, 27 садоўніцкіх таварыстваў абслугоўваюцца аўтамагазінамі. Старшыня райспажыўтаварыства падкрэсліла, што толькі летась тавараабарот у дачных масівах склаў 1,1 млн рублёў, гэта 2,3 працэнта ў агульным аб'ёме тавараабароту райспажыўтаварыства.
Марыя БАРАНАВА.
Фота Юліі МАРКОВІЧ.