•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У Клічаўскім раёне з ушанаваннямі перапахавалі астанкі загінулай ад рук фашыстаў у гады вайны Ганны Коган

22.09.2022

Ганну Коган – жонку камандзіра ваеннага палігона – схапілі па даносе і катавалі акупанты восенню 1941 года. Расстраляную зямлячку мясцовыя жыхары пахавалі на ўскраіне вёскі Усакіна. Праз шмат гадоў пасля вайны, у маі гэтага года, у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе, яе астанкі былі знойдзены. На днях іх урачыста перапахавалі ў Клічаве ў скверы ля брацкай магілы воінаў 348-й стралковай дывізіі і байцоў 277-га і 752-га партызанскіх атрадаў.

У жалобнай цырымоніі прынялі ўдзел намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў, пракурор Клічаўскага раёна Аляксандр Цярэшчанка, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, ветэраны, пошукавікі, моладзь, мясцовыя жыхары.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема, Андрэй Волкаў падкрэсліў, што моладзь павінна ведаць гісторыю сваёй краіны, яе герояў, захоўваць памяць аб людзях, загінулых у імя міру на нашай зямлі:

– Недастатковая дасведчанасць грамадства ў фактах генацыду, учыненых фашыстамі і іх памагатымі, стварае перадумовы для спробаў апраўдання іх зверстваў і, як следства, разбурэння асноватворных каштоўнасцяў. Гістарычная памяць – стрыжань грамадства, які ўмацоўвае сувязь паміж пакаленнямі ў сённяшніх няпростых умовах.

Да мемарыяльнай пліты з імем Ганны Коган і брацкіх магіл удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі і вянкі, ушанавалі памяць загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны хвілінай маўчання.

Расследаваннем крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны Генеральная пракуратура Беларусі займаецца больш за год: выяўляюцца новыя факты зверстваў фашыстаў, іх датычнасці да масавага знішчэння ні ў чым не вінаватага мірнага насельніцтва, устанаўліваюцца няўлічаныя месцы пахаванняў. І гэта праца будзе працягнута.

 СБ