Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае адпраўцы прызыўнікоў Магілёўскай вобласці на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, іншыя войскі і воінскія фарміраванні прайшла на мемарыяльным комплексе "Буйніцкае поле".
На гэтым гераічным і гістарычным месцы сабраліся прадстаўнікі ваеннага камісарыята, выканаўчай улады, грамадскіх арганізацый, духавенства, а таксама родныя і блізкія прызыўнікоў, каб падзяліць гэты адказны і хвалюючы момант у жыцці будучых салдат.
Як расказаў начальнік напрамку ідэалагічнай работы і сацыяльнай абароны ваеннага камісарыята Магілёўскай вобласці Дзмітрый Кірэеў, ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 100 навабранцаў, якія папоўняць 103-ю асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду, размешчаную ў Віцебску. Усяго ў гэту прызыўную кампанію з Магілёўскай вобласці будзе накіравана каля тысячы юнакоў.
- Сімвалічна, што сённяшняя адпраўка праходзіць у год 80-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, - заўважыў Дзмітрый Генадзевіч. - Мы праслаўляем мужнасць воінаў, гераізм партызан і падпольшчыкаў, тытанічныя намаганні працаўнікоў тылу. У знак падзякі за мірнае неба, за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да падножжа капліцы, ушанаваўшы памяць загінуўшых воінаў хвілінай маўчання.
Са словамі на дарогу звярнулася да прызыўнікоў начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова, адзначыўшы, што служба ў арміі – своеасаблівая школа жыцця, дзе яны навучацца самастойна прымаць рашэнні, працаваць у камандзе і ўпэўнена ісці да сваёй мэты.
- Сёння асаблівы дзень і ў жыцці вашай сям'і, - дадала Алеся Мікалаеўна. - Бацькі вас чакаюць здаровымі і памужнеўшымі хлопцамі, якія змогуць самастойна арыентавацца ў жыцці, браць на сябе пэўную адказнасць. Беражыце сябе і будзьце дастойнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. У добры шлях!
У завяршэнне мерапрыемства настаяцель храма Раства Іаана Хрысціцеля аграгарадка Буйнічы протаіерэй Аляксей дабраславіў юнакоў на паспяховую службу. І пад гукі ваеннага аркестра навабранцы адправіліся выконваць свой абавязак перад Радзімай. З гэтага дня ў іх жыцці пачнецца новы этап, таму пажадаем новаспечаным салдатам моцнага здароўя, вытрымкі і аптымізму, дастойна праявіць сябе за час службы, з гонарам несці званне абаронцы роднай зямлі.