Фінал раённага этапа рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь» пройдзе 20 студзеня, у пятніцу, у Вейнянскай сярэдняй школе. Мэта конкурсу - стварэнне ўмоў для распаўсюджвання педагагічнага вопыту, выяўленне таленавітых, творча працуючых педагогаў, павышэнне прэстыжу іх прафесіі. Пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова.
Работнікі ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскага раёна актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах конкурсу. Прадстаўнікі 14 мясцовых устаноў адукацыі падзяліліся эфектыўным вопытам педагагічнай дзейнасці, прынялі ўдзел у тэсціраванні, правялі адкрытыя ўрокі ў незнаёмым класе. Чатыры настаўнікі і адзін выхавальнік выйшлі ў фінал.
У праграме фіналу: візітоўка - творчае самапрадстаўленне кожнага ўдзельніка конкурсу на сцэне актавай залы Вейнянскай сярэдняй школы; вырашэнне педагагічных сітуацый па відэасюжэтах і майстар-клас, тэму якога вызначыць журы. Завершыцца раённы этап конкурсу ўзнагароджваннем пераможцаў.
На мерапрыемства запрошаны прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, Магілёўскага райвыканкама, прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, раённай арганізацыі РГА «Белая Русь», педагогі.