•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У Магілёўскім раёне стартавала ўборка кукурузы на зялёную масу

23.08.2024

У жніўні мужыку тры клопаты: касіць, араць і сеяць - кажуць у народзе, а ў СДП "Авангард" - робяць. Зараз, у апошнія дні адыходзячага лета, калі залатое зерне ўбрана з палёў, работы ў земляробаў менш не стала. На палях гаспадаркі не змаўкае гул сельгастэхнікі: пачалася ўборка кукурузы на закладку сіласу, працягваецца сяўба азімых культур, вядзецца падрыхтоўка глебы і ўнясенне мінеральных угнаенняў. На полi, дзе ідзе закладка будучага ўраджаю наступнага года, зладжана працуюць вопытныя механізатары: кожны на сваім участку работ.

Дзяніс Якімовіч заняты на сяўбе азімага рапсу, праца для яго не новая, звыклая.

Тут жа ідзе дыскаванне глебы - за рулём агрэгата - прафесіянал Аляксей Васіленка.

Аляксандр Трубкін працуе плячом да пляча, або, дакладней, колам да кола з таварышамі - уносіць мінеральныя ўгнаенні.

Усе работы вопытныя механізатары выконваюць на сумленне, імкнуцца быць у авангардзе.

Як распавёў кіраўнік сельгаспрадпрыемства Аляксандр Жыбурт, сёлета пад сяўбу азімага ячменю адведзена 500 гектараў плошчаў , гэта амаль удвая больш, чым у мінулым. Пад патрэбы свінагадоўчай вытворчасці неабходны якасны камбікорм, а для яго вырабу - ячмень. Адзначана, што пад азімую пшаніцу адведзена 500 гектараў, пад трыцікале - 700 гектараў. 

Сумесь азімага трыцікале і вікі зойме 120 гектараў пасяўных плошчаў. Віка з'яўляецца каштоўнай бабовай культурай, якая адразу - сёлета яе апрацоўвалі ў гаспадарцы ўпершыню - выдатна сябе зарэкамендавала: яна дае добры зялёны корм, выкарыстоўваецца для закладкі сянажу, а глеба пасля яе падыходзіць для апрацоўкі любой культуры. 

Да жніва кукурузы для закладкі на сілас сельгаспрадпрыемства падыйшло адно з першых у Магілёўскім раёне. Пад пасевы царыцы палёў у гаспадарцы адведзена 1240 гектараў плошчаў, з якіх 200 - на зерне. Пакуль на ўборцы зялёнай масы заняты адзін камбайн пад кіраўніцтвам Ільі Мяцёлкіна. Шэсць адзінак задзейнічаны на адвозцы.

- Мы вырошчваем гібрыды кукурузы беларускай селекцыі. Цяпер кукуруза знаходзіцца ў стадыі, калі можна пачынаць закладку сіласу: канец малочнай - пачатак васкавой спеласці, - адзначыў у гутарцы галоўны аграном СДП "Авангард" Яўген Папоў.