• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У Магілёўскім раёне ўшанавалі памяць жыхароў спаленай вёскі Гараны

25.03.2024

У Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі ў Магілёўскім раёне ўзгадалі загінуўшых жыхароў спаленай у гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі Гараны Пашкоўскага сельсавета.

На мітынг-рэквіем, які прайшоў на месцы пахавання ахвяр войн, сабраліся прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, пракуратуры, духавенства, грамадскіх аб'яднанняў, моладзь і мясцовыя жыхары. 

 22 сакавіка – сумная дата для нашай краіны. Мы аддаём даніну памяці жыхарам Хатыні, успамінаем тысячы іншых беларускіх вёсак, якія паўтарылі яе долю ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса. - На тэрыторыі Магілёўскага раёна лёс сумна вядомай Хатыні падзялілі 7 вёсак: Дубінка, Гарадзішча, Гараны, Залубнішча, Масток, Пясчанка, Туманаўка. Усяго ж было забіта звыш 2,5 тысяч нашых мірных землякоў, з якіх больш за 700 спалены жыўцом. Гэта незаменная страта і незагойная рана на сэрцы для кожнага жыхара раёна, для кожнага беларуса.

Па словах Аляксандра Алекса, падзеі ў Хатыні і іншых вёсках, якія паўтарылі яе лёс, – не проста старонка ваеннай гісторыі, гэта сімвал пакуты і болі, сімвал вечнай памяці і вечнага смутку.

– Сведчанні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў у цяперашні час дакументуюцца ў рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – звярнуў увагу в.а. пракурора Магілёўскага раёна Арцём Налівайка.–Адкрываюцца новыя раней невядомыя факты злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на нашай зямлі. Наша задача – у той час, калі робяцца спробы перапісаць гістарычную памяць, – не даць сказіць і забыць трагічную падзею, якая мела месца. Абавязак кожнага з прысутных – памятаць і шанаваць памяць загінуўшага мірнага насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Даведачна:

15 верасня 1943 года вёску Гараны напаткаў страшны лёс. Пасля разгрому партызанамі мясцовага валаснога ўпраўлення акупантаў у сяло прыбыў атрад карнікаў - не менш за 40 машын. Дзяцей, старых і жанчын сагналі ў некалькі хат, лазню, забілі дзверы і вокны. Будынкі з людзьмі падпалілі. Каля 50 чалавек, якія спрабавалі схавацца, знайшлі і расстралялі. Усяго ж у гэты дзень загінулі больш за 300 вяскоўцаў і бежанцаў са Смаленшчыны. Вёска была поўнасцю спалена.

Усяго ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Магілёўскім раёне ў агні было знішчана 90 вёсак, сем з якіх - поўнасцю.