У дзень святкавання векавога юбілею з дня ўтварэння Магілёўскага раёна ў аграгарадку Рэчкі адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар Якава Абавіча Шапіры. Імя легендарнага працаўніка ўвекавечылі на будынку Рэчкаўскага Дома культуры.
У цырымоніі адкрыцця прынялі ўдзел намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Генадзь Давыдаў, старшыня Пашкоўскага сельвыканкама Ларыса Кавальчук, генеральны дырэктар ЗАТ "Агракамбінат "Зара" Кацярына Зароўская, старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання ветэранаў Віктар Пінчук, а таксама сваякі Якава Шапіры - сыны, унукі і праўнукі.
Якаў Абавіч Шапіра нарадзіўся ў 1925 годзе ў г.п. Любань Мінскай вобласці, прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. У пяцідзесятыя гады быў накіраваны Камуністычнай партыяй Савецкага Саюза ў ліку добраахвотнікаў-трыццацітысячнікаў для кіруючай работы ў калгасах. Так, у 1954 годзе ён трапіў у калгас "Зара", якім кіраваў на працягу 33 гадоў. За гэтыя гады калектыў гаспадаркі дасягнуў значных поспехаў, стаў адным з перадавых на Магілёўшчыне па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
За гады жыцця Якаў Абавіч двойчы ўзнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнам "Знак Пашаны", медалямі "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг." і "За доблесную працу. У азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ілліча Леніна".
– Сярод кіраўнікоў-аграрыяў, чые імёны назаўжды запісаны ў слаўную гісторыю нашага Магілёўскага раёна, быў легендарны кіраўнік – Якаў Абавіч Шапіра, – падкрэсліла генеральны дырэктар ЗАТ "Агракамбінат "Зара" Кацярына Зароўская. – Пад яго граматным і мудрым кіраўніцтвам прадпрыемства пастаянна знаходзілася ў лідэрах, у калгасе заўсёды былі самыя высокія паказчыкі. Як праўдзівы і граматны кіраўнік ён заўсёды адстойваў свой пункт гледжання, сваё меркаванне і ведаў, што пад яго пільным кіраўніцтвам "Зара" будзе развівацца і рухацца толькі наперад.
Старшыня Магілёўскага райсавета ветэранаў Віктар Пінчук выказаў словы падзякі ўсім, хто адгукнуўся на прапанову і прыняў удзел ва ўсталяванні мемарыяльнай дошкі гэтаму легендарнаму чалавеку, адзначыўшы, што тая школа кіраўнікоў 60-70-х гг. дала добрыя парасткі: паслядоўнікі Якава Абавіча працавалі і працуюць ва ўсіх раёнах Магілёўскай вобласці і нашай краіны ў цэлым.
Ганаровае права адкрыць мемарыяльную дошку ў гонар Якава Абавіча Шапіры было дадзена Генадзю Давыдаву, Кацярыне Зароўскай, Ларысе Кавальчук і Віктару Пінчуку, пасля чаго ўдзельнікі ўрачыстай цырымоніі ўсклалі кветкі да мемарыяльнай дошкі.
Прысутны на мерапрыемстве старэйшы сын Якава Шапіры Аляксандр Якаўлевіч выказаў словы ўдзячнасці ўсім, хто памятае яго бацьку і шануе памяць пра яго:
– Мы вельмі рады, што нашага бацьку не забываюць. Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо 100 гадоў з дня ўтварэння Магілёўскага раёна, нашы землякі памятаюць такіх людзей, як наш бацька. І, безумоўна, мы радыя таму, што яго імя ўшанавана ў гэтай мемарыяльнай дошцы.
Сваякі Якава Шапіры распавялі, што адзін з праўнукаў носіць імя легендарнага прадзеда. І падчас цырымоніі адкрыцця мемарыяльнай дошкі старшыня Магілёўскага райсавета ветэранаў Віктар Пінчук падарыў юнаму спадкаемцу Кнігу працоўнай славы Магілёўскага раёна, у якую занесена імя Якава Абавіча Шапіры, і пажадаў яму быць падобным на славутага прадзеда.
– Мне вельмі прыемна прымаць удзел у такім значным для нашай сям'і мерапрыемстве, – падзяліўся ўражаннямі дзевяцігадовы Якаў Шапіра. – Я ганаруся сваім прадзедам!
Такія людзі, як Якаў Абавіч Шапіра, сваёй самаадданай працай пісалі гісторыю нашага роднага краю. Тое, што сёння ўяўляе сабой Магілёўскі раён, - гэта і іх заслуга. Таму прыемна, што ў такія знакавыя даты, як 100-годдзе з дня ўтварэння Магілёўскага раёна, ёсць магчымасць узгадаць пра такіх легендарных асоб, прывесці іх працу ў прыклад маладому пакаленню і на доўгія-доўгія гады ўвекавечыць памяць аб іх.