•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
Галоўная / Навіны / Навіны раёна

У тэрміны ўкладваюцца: чатыры МТК будуюць у Магілёўскім раёне

02.05.2024

На нядаўняй нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка гаварыў, у тым ліку, і аб станоўчым прыкладзе работы мадэрнізаваных комплексаў з уласнай сыравіннай базай. У сувязі з чым Кіраўнік дзяржавы даручыў ураду і аблвыканкамам забяспечыць безумоўную рэалізацыю намечаных інвестыцыйных праектаў па будаўніцтву малочнатаварных комплексаў.

Нагадаем, што ў мэтах мадэрнізацыі жывёлагадоўчых аб'ектаў раней быў прыняты ўказ аб будаўніцтве (рэканструкцыі) у 2023-2024 гадах па 10 малочнатаварных комплексаў у кожнай вобласці. У рамках рэалізацыі задачы ў Магілёўскім раёне ідзе будаўніцтва чатырох МТК (СДП "Авангард" РУП "Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі", ААТ "Цішоўка", ААТ "Магілёўскі лянок" і філіял "Вендараж" РУП "Магілёўэнерга"), а таксама праходзіць рэканструкцыя будынка свінакомплексу пад малочнатаварную ферму ў ААТ "Палыкавічы".

Да запланаванага ўвядзення ў эксплуатацыю аб'ектаў засталося не так шмат часу. Якая сітуацыя з будаўніцтвам і рэканструкцыяй на дадзены момант - гэтай тэме была прысвечана выязная нарада, у рамках якой старшыня Магілёўскага райвыканкама Алег Чыкіда, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Курашова, прадстаўнікі розных служб наведалі ўсе аб'екты, якія будуюцца.

ААТ "Магілёўскі лянок"

Першым прадпрыемствам стала ААТ "Магілёўскі лянок". Дырэктар гаспадаркі Алег Івашкевіч патлумачыў, што будаўніцтва малочнатаварнага комплексу на 600 галоў дойнага статка паблізу вёскі Макаранцы ідзе поўным ходам.

Нягледзячы на некаторае спазненне, мы зробім усё магчымае, каб узвядзенне аб'екта і ўвод яго ў эксплуатацыю былі завершаны ў тэрмін - да верасня гэтага года. Цяпер гатоўнасць аб'екта складае 40 працэнтаў, а будаўніцтва вядзецца па некалькіх напрамках - мур, мантаж, бетонныя работы. У маі павінна адбыцца пастаўка абсталявання для новага МТК. І, канешне, мы ўжо рыхтуем жывёл, якія размесцяцца ў новых памяшканнях.

ААТ "Цішоўка"

Аналагічны МТК будуецца ў вёсцы Севасцьянавічы (ААТ "Цішоўка"). Каментуючы ход работ, дырэктар ААТ "Цішоўка" Віталь Фомкін адзначыў, што ўзвядзенне новага МТК было ўжо неабходна, бо стары аб'ект, 1965 года пабудовы, не адпавядаў патрабаванням часу.

МТК разлічаны на 600 галоў дойнага статка з прафілакторыем і памяшканнем для цялят. На комплексе будуць абсталяваны кароўнік на 300 месцаў, даільна-малочны блок, радзільнае аддзяленне з цэхам сухастойных кароў, прафілакторый на 206 месцаў, прадугледжаны воданапорная вежа і артэзіянская свідравіна, сянажныя траншэі на 8 тыс. тон, - паведаміў кіраўнік прадпрыемства.

Віталь Фомкін падкрэсліў, што цяпер гатоўнасць аб'екта складае 65 працэнтаў, халадзільнае і даільнае абсталяванне ўжо пастаўлена, і ёсць усе падставы меркаваць, што новы МТК пачне працаваць нават раней за запланаваны тэрмін (верасень).

Філіял "Вендараж" РУП "Магілёўэнерга"

Высокая ступень гатоўнасці ля малочнатаварнага комплексу, які будуецца паблізу вёскі Вендараж. Андрэй Карпечанка, дырэктар філіяла "Вендараж" РУП "Магілёўэнерга", паведаміў, што ўсе работы будуць завершаны ў верасні, а ў кастрычніку новы МТК (а гэта і даільна-малочны блок, і прафілакторый, і два кароўнікі, і радзільнае аддзяленне) будзе ўведзены ў эксплуатацыю.

Калі гаварыць аб аснашчэнні комплексу, то ўжо ў поўным аб'ёме набыта халадзільнае і малочнае абсталяванне, прафілакторый гатовы амаль на 45 працэнтаў. Праводзіцца вялікая работа па падрыхтоўцы кармавой базы з улікам патрэбнасцей будучага МТК - сеем больш шматгадовай травы, будзем сеяць і прамежкавыя культуры. Вядома, вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы статка: камплектацыя новага МТК будзе рабіцца часткова ўласнымі цялушкамі, часткова будзем набываць. Упэўнены, што да восені аб'ект будзе поўнасцю гатовы, - адзначыў кіраўнік прадпрыемства.

СДП "Авангард" РУП "Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі"

Новы сучасны малочнатаварны комплекс з'явіцца і каля вёскі Сянькова. Як зазначыў Аляксандр Жыбурт, дырэктар СДП "Авангард" РУП "Магілёўскае аддзяленне Беларускай чыгункі", аб'ект пачаў узводзіцца ў жніўні мінулага года, завяршэнне запланавана на жнівень гэтага года, а ў верасні ён павінен быць здадзены ў эксплуатацыю.

Зараз, з надыходам вясны, усе будаўнічыя работы ўзмацніліся і паскорыліся. На дадзены момант працэнт гатоўнасці - 48. Актыўна вядуцца вонкавыя, падсыпныя, падвазныя работы, бетанаванне. Стабільная сітуацыя і ў плане фінансавання, - адзначыў Аляксандр Жыбурт. – Закуплены халадзільнікі, малочнае і тэхналагічнае абсталяванне. І жывёлу, вядома, рыхтуем, у тым ліку асемянёную. Увогуле, работа ідзе па ўсіх напрамках. Указ Прэзідэнта трэба выконваць, і мы выканаем.

ААТ "Палыкавічы"

Спорыцца работы і ў аграгарадку Палыкавічы. Тут праходзіць рэканструкцыя будынка свінакомплексу пад малочнатаварную ферму на 450 галоў дойнага статка - гэты праект уключаны ў абласную інвестпраграму. Тэрмін рэканструкцыі - 13 месяцаў, а здача аб'екта запланавана на лістапад гэтага года.

Дырэктар ААТ "Палыкавічы" Аляксей Шуплякоў распавёў, што ўсе работы вядуцца па графіку.

– Сёння мы можам казаць пра 45 працэнтаў гатоўнасці МТФ. Ужо завершаны ўсе дэмантажныя работы, устаноўлены дахі на ўсіх 4 адрынах, пабудаваны даільна-малочны блок, зроблены выгульныя пляцоўкі. Да работы падыходзім комплексна, таму не забываем і аб падрыхтоўцы жывёл для новай малочнатаварнай фермы, аб абсталяванні, аб кармах. Задача стаіць сур'ёзная, але мы зробім усё для яе вырашэння.

Па выніках выязной нарады, прааналізаваўшы ход работы па будаўніцтве новых малочнатаварных комплексаў і рэканструкцыі малочнатаварных ферм, кіраўнік Магілёўскага раёна яшчэ раз нагадаў аб важнасці захавання тэрмінаў будаўніцтва і ўвядзення ў эксплуатацыю новых жывёлагадоўчых аб'ектаў, аб неабходнасці своечасова вырашаць пытанне з тэхнічным абсталяваннем, камплектацыяй жывёламі, забеспячэннем іх кармамі.