У дзень святкавання 100-годдзя з дня ўтварэння Магілёўскага раёна была прэзентавана кніга працоўных дынастый "Ад пакалення ў пакаленне".
Гэта ўнікальнае для Магілёўскага раёна выданне – сумесная ініцыятыва Магілёўскага райвыканкама, Магілёўскага райсавета дэпутатаў і рэктара УА "Магілёўскі дзяржаўны інстытут развіцця адукацыі", намесніка старшыні Магілёўскага аблсавета дэпутатаў Міхаіла Жудро.
Як распавёў Міхаіл Жудро, ідэя па стварэнні кнігі з'явілася напярэдадні векавога юбілею Магілёўскага раёна:
– Хацелася стварыць нешта памятнае і значнае, каб гэта засталося ў гісторыі. Прыемна, што цяпер у розных сферах дзейнасці ёсць людзі, якія атрымалі ў спадчыну ад сваіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў іх працу, іх хлеб, і зараз працягваюць фамільную справу ўжо ў трэцім, і нават чацвёртым пакаленні.
У выданне ўвайшлі гісторыі пятнаццаці працоўных дынастый, прадстаўнікі якіх на працягу стагоддзя пісалі гісторыю нашага раёна, сваёй добрасумленнай працай уносілі дастойны ўклад у яго сацыяльна-эканамічнае, культурна-гістарычнае і навуковае развіццё. І сёння іх нашчадкі працягваюць і ўдасканальваюць тое, што стваралася дзесяцігоддзямі.
Адкрываюць кнігу працоўных дынастый прадстаўнікі ААТ "Эксперыментальная база "Дашкаўка". Дырэктар прадпрыемства Сяргей Сыса – чалавек у сельскай гаспадарцы невыпадковы. Нягледзячы на тое, што прафесійны стаж Сяргея Пятровіча складае сем гадоў, за гэтыя гады ён дабіўся поспехаў у сваёй кар'ернай дзейнасці. Пачынаючы ў 2017 годзе з пасады трактарыста-машыніста ААТ "Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў", у 2019 годзе ён прыйшоў у Магілёўскі раён, дзе на розных пасадах набіраўся вопыту ў ААТ "Фірма "Вейна", ААТ "Фірма "Кадзіна", і ўжо ў 2023 годзе прыйшоў намеснікам дырэктара па вытворчасці ў ААТ "Эксперыментальная база "Дашкаўка", якое ў хуткім часе і ўзначаліў.
Старонкі выдадзенай кнігі распавядаюць пра тое, што Сяргей Пятровіч пайшоў па слядах бацькі і дзядулі, якія таксама прысвяцілі сваю працоўную дзейнасць сельскай гаспадарцы. Агульны прафесійны стаж сям'і Сыса – 61 год. Праца на зямлі ніколі не была лёгкай, але гледзячы на годны прыклад сваіх сваякоў, Сяргей Пятровіч усё ж вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай сферы, а парады дасведчанага ў гэтай справе бацькі дапамагаюць яму сёння годна працягваць дынастыю аграрыяў.
Пераважная колькасць дынастый, якія ўвайшлі у выданне "З пакалення ў пакаленне", – педагагічныя работнікі. Самы вялікі агульны працоўны стаж – 294 гады – у дынастыі Васільевых-Заблоцкіх. Настаўнік абслугоўваючай працы ДУА "Кадзінская сярэдняя школа" Алена Эдуардаўна Заблоцкая разам з мужам Андрэем Барысавічам Заблоцкім, які сёння ўзначальвае галоўнае ўпраўленне па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама, з'яўляюцца прадстаўнікамі трэцяга пакалення іх працоўнай дынастыі. Пачатак іх педагагічнаму дрэву паклалі дзядуля і стрыечны дзядуля Алены Эдуардаўны, у другім пакаленні працягнулі маці, цёткі і дзядзька. Сёння фамільную справу ў чацвёртым пакаленні працягвае нявестка.
Дзесяць чалавек увайшлі ў педагагічную дынастыю Васільевых-Заблоцкіх. І гэта годны прыклад, які паказвае нам адданасць прафесіі гэтых людзей, аб'яднаных не проста роднаснымі сувязямі, але і агульнай прафесійнай цікавасцю. Амаль 300 гадоў стажу на дзесяцярых - каштоўны часавы ланцужок, які абавязкова павінен знайсці свой працяг ва ўнуках і праўнуках.
Гэтыя пятнаццаць дынастый працаўнікоў Магілёўскага раёна, прадстаўленых у дадзенай кнізе, – далёка не ўсё: у нас ёсць яшчэ шмат сем'яў, якія могуць падзяліцца сваімі гісторыямі. І гэта выданне пад сімвалічнай назвай "З пакалення ў пакаленне" – толькі падмурак такой важнай і значнай справы, пачатак якой пакладзены ў векавы юбілей з дня ўтварэння раёна. І яго трэба абавязкова прадоўжыць, каб паказаць нашым спадчыннікам дастойны прыклад.