Ветэран Вялікай Айчыннай Міхаіл Антонавіч Цітоў з Магілёўскага раёна ў свае 97 гадоў на прысядзібным участку вырошчвае бульбу, агародніну. Уласнаручна накалоў дзве машыны дроў, забетанаваў пад'езд да гаража. "Гэта ў вайну быў дыверсантам - змагаючыся з ворагам, разбураў чыгуначныя шляхі і камунікацыі, мініраваў дарогі. А ў мірным жыцці я стваральнік, - з усмешкай падкрэслівае заслужаны чалавек. - Мой галоўны наказ маладым напярэдадні Дня Перамогі - сумленна працаваць на карысць Радзімы, каб зямля, за свабоду якой мы заплацілі высокую цану, развівалася і прыгажэла".
Вайна заспела Міхаіла ў Дашкаўцы. Тое, што рабілі тут фашысты, забыць ён не ў сілах:
- Увосень 1941-га яны расстралялі маіх дзядулю і дзядзьку. У 1942-м майго стрыечнага брата паклалі пад знятыя з завес дзверы і ўшасцёра тапталіся па ёй зверху. 17‑гадовы хлопец паміраў у пакутах: яму раздрабілі косткі, размажджэрылі галаву.
Каб помсціць ворагу за блізкіх, за родную зямлю, 16-гадовы Міхаіл у кастрычніку 1943 года сышоў у 346‑ы партызанскі атрад.
- Калі старэйшыя таварышы зразумелі, што я кулямёт з зачыненымі вачамі магу разабраць, уключылі мяне ў склад дыверсійнай групы, - успамінае Цітоў. - Дзевяць дыверсій правёў на дарогах. У сакавіку 1944-га наша група з пяці чалавек атрымала заданне замініраваць жалезку на перагоне Магілёў - Быхаў. Шлях няблізкі, кіламетраў 100 у адзін бок. У дарозе трэба было прабыць тыдні тры. За спіной у кожнага некалькі кілаграмаў выбухоўкі і сухары з разліку - два на дзень. На вуліцы яшчэ ляжаў снег, а нам даводзілася час ад часу паўзці па зямлі на бруху, у абыход варожых засад. У дадатак да ўсяго я праваліўся пад лёд на рацэ Лахва. І хоць зменнай вопраткі не было, на базу мы, паспяхова правёўшы дыверсію, вярнуліся цэлымі, нават не прастыў ніхто! Сілы надавала любоў да Радзімы і нянавісць да акупантаў. Дарэчы, мы тады не толькі варожы цягнік пад адхон пусцілі. Міну заклалі і на прасёлкавай дарозе каля вёскі Ляжнёўка Магілёўскага раёна, дзе дыслакавалася ахоўная частка СС. Ужо пасля вайны ад мясцовага жыхара - відавочцы тых падзей - даведаўся, што на паветра ўзляцеў не адзін грузавік, як мы думалі, а два, загінула не менш за 50 немцаў.
Па гэты дзень памятае ветэран баявых таварышаў, многія з якіх не дажылі да шчаслівага Дня Перамогі. Аднойчы не вярнуўся з задання яго сябар Анатоль Савіцкі: загінуў ля вёскі Дулебы Бярэзінскага раёна.
- Мы з адной міскі елі, - зноўку перажывае боль страты Міхаiл Антонавіч. - 17 гадкоў лёс хлопцу адмераў - ні пажыць не паспеў, ні пакахаць. А дома яго чакалі маці, сястра...
Жыццё 18‑гадовага Цітова таксама не раз было на валаску. У ліпені 1944-га, пасля злучэння партызанскага атрада з часткамі Чырвонай арміі, трапіў у Казельск у 5-ю запасную стралковую дывізію, а ў лістападзе, пасля трохмесячнай курсавой перападрыхтоўкі, - на фронт.
- Прусію пешшу прайшоў, наша дывізія заўсёды знаходзілася на перадавой, а баі ішлі няспынна: 21 дзень мы толкам не спалі, - удакладняе ветэран. - Там атрымаў першыя раненні. Асколак фугаснага снарада прабіў два пласты шапкі-вушанкі, у скронь. Успучыўся крывавы гуз-гематома. Я вушанку набок перасунуў - і далей у бой. Другая куля акрэсліла крывавую баразну на верхавіне, прайшоўшы паміж галавой і шапкай. Зноў я застаўся ў страі. У шпіталь трапiў, калі чаргой прашыла перадплечча правай рукі. Пасля лячэння на подступах да Кёнігсберга падарваўся на супрацьпяхотнай міне. Пятку на левай назе зразала разам з чаравіком. Аскепкамі зняло скуру на назе, прабіла тры дзіркі.
У шпіталі ён і сустрэў Дзень Перамогі. Дадому вярнуўся на мыліцах.
У Дашкаўцы хлопец з II групай інваліднасці па парадзе настаўніцы пайшоў у шосты клас - давучвацца.
- Я ж гады два яшчэ на мыліцах хадзіў, а сядзець без справы не абвык, вось і знайшоў сабе прымяненне, - тлумачыць ветэран. - Пасля школы з адзнакай скончыў Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці, Валагодскі малочны інстытут. У ВНУ сустрэў будучую жонку Аляксандру. Ураджэнку вёскі Вялікае Сяло Кастрамской вобласці прывёз у Беларусь. Працаваў інжынерам у Горках на масласырзаводзе, галоўным інжынерам на Магілёўскім малаказаводзе. А потым мне прапанавалі паехаць на тры гады ў Самалі - галоўным інжынерам малаказавода. У Афрыку не паехаў, у мяне была сям'я: жонка, сын Валодзя, дачкі Наташа і Леначка, малодшая - грудная. Ды і люблю я сваю зямлю, сэрцам да яе прывязаны.
На пенсію Цітоў сышоў з пасады генеральнага дырэктара Магілёўскага абласнога аб'яднання малочнай прамысловасці.
На яго прысядзібным участку - парадак і прыгажосць. Міхаiл Антонавіч сам ашалёўваў хату, адрамантаваў печ, выкапаў склеп больш за два метры глыбінёй, забетанаваў ганак, дарожкі.
- Яшчэ ростам з плуг быў, а ўжо араў, сеяў, убіраў ураджай, дровы калоў. Дзед Парфірый навучыў - той, якога немцы расстралялі. Ён шляхетным цесляром быў, а я вось сам змайстраваў дрэваапрацоўчы станок, - вядзе нас на экскурсію па сваіх уладаннях ветэран. - Ад дзеда ў мяне запал да садоўніцтва - ён жа служыў у свой час садоўнікам у сядзібе Жукоўскіх, дваранскі маёнтак якіх захаваўся ў Дашкаўцы. На сваіх сотках вырошчваю ўсё: ад бульбы да кавуноў. Сад заклаў вялікі: яблыні, вішні, чарэшні. Але галоўны гонар абрыкосы. Некалькі гадоў таму заняўся селекцыяй, вывеў уласны гатунак, які ў гонар памерлай жонкі назваў "аляксандрай". Плады сакавітыя, смачныя, і гэта таксама мая перамога.
У Дзень Перамогі вясковец, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалём "Партызану Айчыннай вайны", прыме ўдзел у парадзе-шэсці ветэранаў у Магілёве.
- Неяк напярэдадні 9 Мая сабрала нас кіраўніцтва горада, маўляў, гарбату піць будзем з тортам. Не, кажу, чаем герояў не памінаюць. Дастаў каньяк уласнай вытворчасці, з вінаграда, - хітра ўсміхаецца ветэран і ўжо сур'ёзна дадае:
Дзень Перамогі - святое свята для ўсяго нашага народа. Хочацца, каб моладзь не зведала жахаў вайны, але была настолькі адданая Радзіме, як пакаленне Пераможцаў, працай услаўляла краіну. Гэтаму я вучыў дзяцей, цяпер - унукаў і праўнукаў. Малодшага праўнука назвалі ў мой гонар Мішам. Жыццё працягваецца.