Учорашнія студэнты, а сёння спецыялісты поўныя сіл, маладыя і амбіцыйныя, папоўнілі працоўныя калектывы
Каб адаптацыя была хуткай і бязбольнай, з маладымі кадрамі, якія прыйшлі сёлета ў Магілёўскі раён, сустрэлася кіраўніцтва і вопытныя спецыялісты арганізацый, устаноў і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў.
Сёлета пуцёўкі на свае першыя працоўныя месцы ў раёне атрымалі больш за дзвесце дзяўчат і хлопцаў. Рабяты сталі часткай працоўных калектываў абсалютна розных сфер – сельскай гаспадаркі і будаўніцтва, медыцыны і адукацыі, культуры і гандлю.
Традыцыйна ў сферу сельскай гаспадаркі размяркоўваецца большая частка моладзі - сёлета амаль сотня маладых людзей папоўнілі шэрагі аграрыяў раёна.
- Наймальнікі і прафсаюзныя арганізацыі зацікаўлены ў тым, каб маладыя спецыялісты, якія прыйшлі ў іх працоўныя калектывы на сваё першае рабочае месца, не расчараваліся ў прафесіі, а прадоўжылі тут плённую дзейнасць на працягу доўгага часу, - адзначыў у гутарцы старшыня Магілёўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Валянцін Салавей.
Педагагічная галіна - адна з тых сфер, дзе прыход маладых спецыялістаў дазваляе паспяхова закрыць кадравыя пытанні. Сёлета працаваць ва ўстановы адукацыі Магілёўскага раёна прыбылі больш за трыццаць чалавек. Гэта не толькі настаўнікі, але і выхавальнікі дашкольных устаноў, а таксама выкладчыкі каледжа (УА "МГАЛТК імя К.П. Арлоўскага").
На пачатку шляху першыя крокі заўсёды няпростыя. Але маладым спецыялістам, якія прыбылі ў раён па размеркаванні, дапамагаюць спраўляцца вопытныя калегі. Менавіта пра гэта расказалі маладыя людзі, якія прыйшлі працаваць у сферу культуры.
Загадчык Пашкоўскага вясковага клуба Ксенія Індаленка адзначыла, што сустрэлі яе на першым месцы працы вельмі добра.
- Я з Магілёва, таму праблем з тым, як дабрацца да працы ў мяне няма - Пашкова зусім побач з горадам, транспарт ходзіць рэгулярна. Што тычыцца планаў, то іх у мяне шмат, толькі хочацца хутчэй іх увасобіць у жыццё: да прыкладу, стварыць ансамбль лыжкароў з малодшых школьнікаў, - падзялілася дзяўчына.
У Раманавіцкі сельскі Дом культуры хормайстар Данііл Салаўёў прыбыў на працу па спецыяльнасці пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў (УА "Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў"). Як і Ксенія, Данііл марыць рэалізаваць свае творчыя планы. У гэтым ён знаходзіць падтрымку ў свайго кіраўніка – учорашняга маладога спецыяліста – загадчыка дома культуры Таццяны Гвоздзь.
Аляксандра Хадунова са сферай культуры Магілёўскага раёна супрацоўнічала яшчэ ў школе. Ураджэнка аграгарадка Палыкавічы, дзяўчына з дзяцінства брала ўдзел ва ўсіх народных святах, якія праводзіліся мясцовым Домам культуры. Нават сваю дыпломную работу ва ўніверсітэце культуры (УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў") студэнтка пісала па візітнай картцы Палыкавіцкага СДК – абрадаваму мерапрыемству "Свята лёну". З дыпломам рэжысёра-выкладчыка, Аляксандра вярнулася, як яна кажа, у родную сям'ю - ДУК "Цэнтралізаваная клубная сістэма Магілёўскага раёна", дзе адразу атрымала адну з кіруючых пасад: выпускніца з мэтавым накiраваннем прыступіла да абавязкаў загадчыка аддзела культурна-асветніцкай работы.
Каментар па тэме
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова:
– Каб новыя кадры паспяхова адаптаваліся і сталі прафесіяналамі, заканадаўствам прадугледжаны цэлы комплекс мер падтрымкі. Сярод працоўных гарантый – наймальнік абавязаны забяспечыць маладога спецыяліста работай, якая адпавядае атрыманай спецыяльнасці і кваліфікацыі, аформіць па бестэрміновым працоўным дагаворы або кантракце.
У ліку эканамічных мер падтрымкі - на працягу месяца з дня прыбыцця ў арганізацыю маладому спецыялісту выплачваецца грашовая дапамога ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай студэнту ў апошнім перад выпускам семестры. Супрацоўнік, які размеркаваўся не па месцы прапіскі, атрымае яшчэ і аднаразовую дапамогу ў памеры акладу.
Многія моманты аказання дапамогі маладым кадрам прадугледжаны калектыўнымі дагаворамі. Напрыклад, калі малады спецыяліст жыве ў іншым населеным пункце, існуе кампенсацыя праезду. Калі застаецца працаваць па заканчэнні абавязковага тэрміна, выплачваецца дадатковая матэрыяльная дапамога. Аказваюць дапамогу наймальнікі і з жыллём: пры наяўнасці магчымасці могуць падаць пакой у інтэрнаце альбо арэндную кватэру.
Варта дадаць, што праводзіцца маніторынг па вывучэнні жыллёвых умоў для маладых спецыялістаў, якія прыходзяць на першае працоўнае месца ў 2024 годзе.