•  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Анатоль Ісачанка: новы час патрабуе новых падыходаў і канкрэтных рашэнняў

09.01.2023

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка правёў сёння сустрэчу з актывам рэгіёну. Удзел у ёй прынялі больш за 400 чалавек з ліку прадстаўнікоў сфер адукацыі, аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і прамысловасці, ганаровых жыхароў вобласці, ветэранаў. А таксама члены Савета Рэспублікі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты абласнога, гарадскіх, раённых Саветаў дэпутатаў, старшыні гаррайвыканкамаў, кіраўнікі прадпрыемстваў вобласці, грамадскіх аб'яднанняў, сродкаў масавай інфармацыі. Сустрэча была прысвечана пытанням рэгіянальнага развіцця Магілёўскай вобласці ў 2023 годзе, вызначэнню самых важных і надзённых напрамкаў далейшага ўстойлівага развіцця Прыдняпроўскага краю.

Як адзначыў Анатоль Ісачанка, нягледзячы на ўсе знешнія выклікі, санкцыі і пагрозы, наша дзяржава застаецца сацыяльна-арыентаванай. Больш за тое, значна павялічаны памер бюджэтных сродкаў, што накіроўваюцца на стварэнне камфортных і спрыяльных умоў для жыцця людзей.

«Мы вывучылі і прааналізавалі самыя вострыя і праблемныя пытанні, якія хвалююць насельніцтва вобласці. Рашэнне гэтых і іншых надзённых задач і стане асновай усёй нашай працы. Галоўная мэта якой - забеспячэнне сацыяльнай стабільнасці ў грамадстве і рост дабрабыту грамадзян за кошт якаснага росту эканомікі, стварэння камфортных умоў для жыцця і самарэалізацыі», - падкрэсліў ён.

У рэгіянальным развіцці ў якасці прыярытэтаў, вызначаных кіраўніком дзяржавы і ўрадам, - жыллё, камфортнае асяроддзе, дарогі. Рэалізацыя гэтых прыярытэтаў працягнецца ў рамках дзяржаўнай і рэгіянальнай інвестыцыйных праграм.

Дзяржпраграмы - магутны бюджэтны рычаг развіцця эканомікі. Кіраўнік рэгіёну падкрэсліў, што ў 2023 годзе на развіццё Магілёўскай вобласці ў рамках праграм, якія рэалізуюцца, плануецца накіраваць больш як Br1,3 млрд. Фактычна дадзены старт новаму інвестыцыйнаму цыклу. Фінансаванне праектаў рэгіянальнай інвестпраграмы павялічыцца ў 4 разы ў параўнанні з мінулым годам.

«Грошы ёсць. Наша асноўная задача - эфектыўна іх выкарыстоўваць. І гэтая задача не толькі кіраўнікоў гаррайвыканкамаў. Гэта зона адказнасці і старшыняў гаррайсаветаў, і сенатараў, і дэпутатаў усіх узроўняў, і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый - кожнага з нас. Усе мы павінны граматна выкарыстоўваць тыя рэсурсы, якія маем», – акцэнтаваў увагу Анатоль Ісачанка.

Па асноўных тэмах і напрамках, якія прагучалі на сустрэчы, былі прапанаваны канкрэтныя шляхі развіцця.

Будаўнічы комплекс

Ключавая роля адведзена будаўнічаму комплексу. У рамках рэалізацыі інвестпраграм пастаўлена задача па вырашэнні пытанняў будаўніцтва жылля, дарог, інжынерна-транспартнай інфраструктуры, добраўпарадкавання і інш.

«Першае - гэта жыллё. У вобласці на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў стаяць 65 тыс. грамадзян. У 2023 годзе трэба пабудаваць больш за 300 тыс. кв.м. жылля. Прыярытэт ранейшы - шматдзетныя сем'і. Больш за 500 такіх сем'яў будуць забяспечаны камфортным жыллём у бягучым годзе, - расказаў Анатоль Ісачанка. - Для будаўніцтва сацыяльнага жылля для дзяцей-сірот вызначаны сродкі з мясцовага бюджэту ў аб'ёме каля Br17 млн. Гэта арыенціровачна 180 кватэр, што ў 5 разоў больш, чым у мінулым годзе. І гэтыя лічбы неабходна павялічваць. Гэта нашыя дзеці і мы павінны пра іх паклапаціцца.

Актуальнае і пытанне арэнднага жылля. У 2023 годзе запланавана пабудаваць 38 тыс. кв. жылля, што таксама амаль у 2 разы больш за мінулы год. Разглядаецца пытанне будаўніцтва больш як 500 кватэр для вайскоўцаў. Гэта не разавыя акцыі, а працяг і вынік планамернага рашэння задач па забеспячэнні жыллём».

Будаўніцтва ўсіх шматкватэрных жылых дамоў будзе ажыццяўляцца ў энергаэфектыўным выкананні.

Асобнай увагі, як адзначыў губернатар, заслугоўвае тэма індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва:

«Задача на месцах - прааналізаваць чаргу і прадаставіць зямельныя ўчасткі ўсім жадаючым. Адпаведныя даручэнні ўжо дадзены.

Калі людзі маюць жаданне будавацца - ім трэба дапамагчы. З нашага боку - забяспечыць участкі, якія выдзяляюцца, неабходнай інфраструктурай».

Будаўніцтва інжынернай і транспартнай інфраструктуры будзе весціся больш як па 200 аб'ектах. Гэта шматкватэрныя жылыя дамы і раёны індывідуальнай жылой забудовы.

Падкрэсліў Анатоль Ісачанка і тое, што кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый павінны больш актыўна выступаць ініцыятарамі будаўніцтва жылля для сваіх работнікаў. Што будзе садзейнічаць замацаванню кадраў. Для гэтага ёсць уся заканадаўчая база.

Не менш важнай задачай, чым забеспячэнне грамадзян камфортным жыллём з'яўляецца будаўніцтва і ўтрыманне дарог. Аб'ём фінансавання мясцовай дарожнай гаспадаркі на 2023 год запланаваны ў суме Br84 млн, што на 10 працэнтаў вышэй за фактычнае фінансаванне мінулага года. У 2023 годзе запланавана адрамантаваць 166 км дарог. Акрамя гэтага, звыш Br40 млн плануецца накіраваць на рамонт вулічна-дарожнай сеткі населеных пунктаў.

На ўтрыманне, рамонт і будаўніцтва рэспубліканскіх аўтадарог запланавана накіраваць Br92 млн, з іх Br15 млн - на завяршэнне Паўднёва-заходняга абходу Магілёва.

У чацвёртым квартале 2023 года плануецца пачаць будаўніцтва чатырохпалоснай дарогі да Чэрыкава. Сёння вядзецца актыўная работа па яе праектаванні. Будзе працягнута рэканструкцыя мастоў праз р.Сож у Чэрыкаве і праз Бярэзіну ў Бабруйску. Запланаваны і шэраг іншых мастоў і пуцеправодаў у абласным цэнтры, Бабруйску, Крычаве, Чавусах.

Жыллёва-камунальная гаспадарка

Штогод неабходна капітальна рамантаваць не менш як 3 працэнты ад агульнай плошчы жылых дамоў. Не менш актуальным застаецца пытанне ўтрымання дваровых тэрыторый.

У адпаведнасці з даручэннем кіраўніка дзяржавы таксама праводзіцца мэтанакіраваная работа па забеспячэнні насельніцтва якаснай пітной вадой. У вобласці гэты паказчык ужо складае 94 працэнты. У 2023 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю 13 станцый абезжалезвання, а таксама праведзена замена 55 км сетак водазабеспячэння і 15 км сетак водаадвядзення.

Адмысловае месца надаецца будаўніцтву і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў. Запланаваны работы па будаўніцтве і рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Магілёве, Мсціславе, Бабруйскім раёне. Вядуцца будаўнічыя работы ў в. Дашкаўка Магілёўскага раёна. Распрацавана перадпраектная дакументацыя на ачышчальныя ў Асіповічах, Крычаве і Шклове.

Яшчэ адзін напрамак працы - павышэнне надзейнасці, тэхналагічнай і эканамічнай эфектыўнасці сістэмы цеплазабеспячэння. У бягучым годзе запланаваны работы па мадэрнізацыі і будаўніцтве 18 кацельняў.

У 2023 годзе захаваецца ўвага да ўдасканалення сістэмы абыходжання з камунальнымі адходамі. Працягнецца будаўніцтва смеццеперапрацоўчага завода ў Бабруйску. Распрацоўваецца пытанне будаўніцтва яшчэ аднаго - у Магілёўскім раёне.

Развіццё гарадоў Магілёва і Бабруйска

«За апошнія гады зроблена нямала. Аднак неабходна не толькі падтрымліваць створаную інфраструктуру, але і рухацца далей», - падкрэсліў Анатоль Ісачанка.

У бягучым годзе будзе праводзіцца будаўніцтва запатрабаванага аб'екта - унутрыгарадской кальцавой магістралі, якая пройдзе ад вуліцы Якубоўскага да вуліцы Каралёва. Гэта дазволіць разгрузіць горад ад патоку аўтамабіляў. Будуць пачаты рамонтныя работы па праспекце Дзімітрава, вуліцах Будаўнікоў і Камсамольскай.

Найважнейшым для гараджан аб'ектам з'яўляецца будаўніцтва новага корпуса экстранай хірургіі, што істотна пашырыць тэрыторыю гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. На яго будаўніцтва са сродкаў рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў будзе накіравана Br162 млн. Ужо завершана будаўніцтва новага інфекцыйнага корпуса, што зрабіла магчымым засяродзіць у адным месцы самае сучаснае абсталяванне, высокакваліфікаваных спецыялістаў і забяспечыць пацыентаў якаснай медыцынскай дапамогай. У студзені-лютым будзе ўведзены радыёнуклідны корпус анкадыспансера. Запланавана будаўніцтва рэабілітацыйнага корпуса ў дзіцячай абласной бальніцы. Усе праекты пацверджаны фінансаваннем.

У мікрараёне «Стасава-Грышына» сёлета будзе пабудаваны дзіцячы садок на 240 месцаў, пачата праектаванне новай школы. У бягучым годзе будзе завершана рэканструкцыя будынка сярэдняй школы нумар 12. Праводзяцца праектныя работы па будаўніцтве дзіцячых садоў і школ у мікрараёнах Спадарожнік-2, Казіміраўка, Саломінка-2, па вул. Гагарына і ў Палыкавічах. Прадугледжваецца і далейшае развіццё запатрабаванага ў насельніцтва парку Падміколле, а таксама знакавага для магіляўчан Грабянеўскага вадасховішча. На грамадскае абмеркаванне будзе вынесена пытанне па пераносе Быхаўскага рынку. Наспела пытанне вынасу аэрадрома, які эксплуатуецца аэраклубам ДТСААФ, на вызваленым ўчастку з'явіцца магчымасць будаўніцтва не меней 1 млн кв.м. жылля.

Па ініцыятыве жыхароў рэгіёну і грамадскіх арганізацый будзе пачата будаўніцтва музея Воінскай Славы Магілёўскай вобласці ў раёне мемарыяльнага комплексу «Буйніцкае поле», які стане знакавым для Магілёўшчыны аб'ектам.

Шэраг зменаў запланаваны і ў Бабруйску, які адносіцца да тэрыторый паскоранага развіцця, да так званых гарадоў «80+». У бягучым годзе плануецца праектаванне і пачатак будаўніцтва новага хірургічнага корпуса Бабруйскай гарадской бальніцы імя У.В. Марзона. У мікрараёне Кісялевічы будзе пабудаваны дзіцячы садок на 240 месцаў. Запланавана праектаванне вяслярнай базы і ФАКу. У 2023 годзе будзе праведзены бягучы рамонт вуліц Чангарскай, Урыцкага, Берагавой, Мінскай.

«Патэнцыял у горада вялікі, задача - яго раскрыць. Дзейнічайце», - паставіў задачу перад кіраўніцтвам раённага цэнтра губернатар.

Сацыяльная сфера

«Адзін з ключавых пастулатаў шостага Усебеларускага народнага сходу, які прагучаў з вуснаў Прэзідэнта: сацыяльная дзяржава - гэта наш нязменны нацыянальны брэнд, - нагадаў Анатоль Ісачанка. - Варта адзначыць, што ў Магілёўскай вобласці забяспечваецца стабільнае функцыянаванне і развіццё сфер адукацыі, аховы здароўя, культуры і спорту».

У бягучым годзе плануецца правесці капітальны рамонт дваццаць адной школы вобласці. Вызначана і выбудавана стратэгія трохузроўневай сістэмы аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву з аптымізацыяй сеткі ўстаноў аховы здароўя і кадравага складу. У гэтыя гады ўзведзены шэраг аб'ектаў, якія прынцыпова змянілі якасць аказваемых паслуг. Закладзена аснова кардынальнай трансфармацыі галіны. У 2023 годзе будзе рэканструявана бальніца ў Чэрыкаве. У першым квартале бягучага года будзе пачата будаўніцтва паліклінікі ў Крычаве, увод якой запланаваны ў 2024 годзе. Прынята рашэнне на працягу трох гадоў пабудаваць не менш як 4 басейны ў раёнах вобласці.

У 2023 годзе развіццё сферы культуры будзе накіравана на захаванне і памнажэнне культурнай спадчыны. Будуць уведзены 2-я і 3-я чарга аб'екта «Палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна». Акрамя таго, будуць праведзены работы па аднаўленні гістарычнай забудовы XII-XIV стст. на тэрыторыі Замкавай гары ў Мсціславе, а таксама рэканструкцыя цэнтра культуры ў Хоцімску.

Эканоміка

Асноўным індыкатарам стану спраў у эканоміцы рэгіёну застаецца прамысловы комплекс, традыцыйна фарміруючы каля трэці дабаўленай вартасці.

Шэраг прадпрыемстваў у 2022 годзе значна павялічыў аб'ёмы вытворчасці. Параметры развіцця на 2023 год і наступныя гады будуць выбудоўвацца з улікам нівеліравання зніжэння аб'ёмаў прамысловай вытворчасці ў 2022 годзе. Існуе неабходнасць пераходзіць ад траекторыі стабільнасці да траекторыі ўстойлівага развіцця. У сувязі з гэтым на 2023 год ставіцца задача нарасціць аб'ёмы вытворчасці не менш як на 5 працэнтаў, што ўвязана з пяцігадовай праграмай.

«Павелічэнне заработнай платы ў першую чаргу будзе садзейнічаць выбудоўванню астатніх паказчыкаў, неабходных для яе забеспячэння. Выбудуецца і аб'ём вытворчасці, і зніжэнне затрат, і мадэрнізацыя, і экспарт. Гэта самае галоўнае, з гэтага трэба пачынаць. Ёсць у людзей зарплата - працуе прадпрыемства, - падкрэсліў Анатоль Ісачэнка. – Пры гэтым найважнейшым фактарам устойлівага развіцця і канкурэнтаздольнасцю любога прадпрыемства рэальнага сектара эканомікі з'яўляецца мадэрнізацыя і рэалізацыя новых інвестпраектаў».

Мэта гэтага года - аднавіць устойлівую дынаміку росту інвестыцый, якая дае магчымасць надаць значны імпульс эканоміцы. Найважнейшая задача - рэалізацыя інвестыцыйных праектаў у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы «Адзін раён - адзін праект».

«Нясеце асабістую адказнасць за вырашэнне дадзенай задачы, - звярнуўся да старшынь райвыканкамаў кіраўнік рэгіёну. - Пры гэтым такіх праектаў павінна быць больш. Для кожнага рэгіёна - гэта пытанне будучага развіцця і ўстойлівасці эканомікі».

Вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця ўсяго прамысловага комплексу: нацэленасць на палітыку імпартазамяшчэння, павелічэнне ўзроўню лакалізацыі вытворчасцей, фарміраванне і развіццё тэхналагічных ланцужкоў на базе мясцовых сыравінных рэсурсаў, уключэнне ў кааперацыйныя ланцужкі малога і сярэдняга бізнесу.

У высокай ступені прапрацоўкі знаходзіцца шэраг новых праектаў прыватных кампаній з замежным капіталам.

«Час паказаў, што большасць замежных кампаній не толькі гатовы з намі гандляваць, але і зацікаўлены ў працягу вядзення бізнесу на тэрыторыі рэгіёну. Прывяду толькі адну лічбу - за 9 месяцаў мінулага года, калі санкцыі нарошчваліся і ішоў ціск, у эканоміку вобласці было прыцягнута $248 млн прамых інвестыцый », - адзначыў Анатоль Ісачанка.

У 2023 годзе ў Магілёўскай вобласці запланавана павялічыць вытворчасць імпартазамяшчальнай прадукцыі амаль на 6 працэнтаў.

«Праводзімая работа ўжо паказала, што абмежаванні на знешніх рынках - час вялікіх магчымасцей для імпартазамяшчэння і ўзмацнення кааперацыйных сувязей прадпрымальніцкага сектара і буйных дзяржаўных холдынгаў», - падкрэсліў губернатар.

Сельская гаспадарка

Яшчэ адна важная галіна рэгіёну - сельская гаспадарка, якая выконвае сваю ключавую задачу - забяспечвае насельніцтва якаснымі прадуктамі харчавання.

«Наша мэта - не проста вырабіць прадукцыю, але і прадаць яе выгадна, каб аграрыі маглі дастойна зарабляць, - адзначыў Анатоль Ісачанка. – Менавіта таму ў аснове стратэгіі развіцця аграпрамысловага комплексу мы робім упор на эканоміку сельскай гаспадаркі і аналіз затрат па кожным з напрамкаў галіны».

Найважнейшая задача раслінаводства - стварэнне трывалай кармавой базы. На асаблівым кантролі - выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы ў частцы развіцця льнаводчай галіны. Задача - падбор ільнопрыдатных зямель на плошчы 7,3 тыс. га, што забяспечыць атрыманне льнотрасты пад поўную загрузку магутнасцей ільнозаводаў вобласці. У жывёлагадоўлі робіцца ўпор перш за ўсё на ўзмацненне тэхналагічнай дысцыпліны, што дасць магчымасць пры сфарміраванай кармавой базе павялічыць прадуктыўнасць жывёл і скараціць іх непрадукцыйнае выбыццё.

Яшчэ адной кропкай росту аграпрамысловага комплексу стане далейшае развіццё рыбаводства: два рыбаводчыя комплексы будзе пабудавана ў Краснаполлі і Хоцімску, яшчэ адзін прыватнай формы ўласнасці - у Чэрыкаве. Запланаваны закуп і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі. Працягнецца работа па стварэнню інтэграцыйных структур.

Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь даручана забяспечыць у 2023-2025 гадах трохразовае павелічэнне адносна 2021 года аб'ёмаў правядзення мерапрыемстваў па рэканструкцыі меліярацыйных сістэм і культур тэхнічнай меліярацыі.

Яшчэ адзін напрамак развіцця сельскагаспадарчай галіны - прадаўжэнне канструктыўнай работы па развіццю фермерскіх гаспадарак. У вобласці выпрацаваны падыходы да сумеснага супрацоўніцтва з фермерамі. Ім аказваецца дзяржаўная падтрымка за кошт сродкаў бюджэту з улікам укладу ў вытворчасць валавой прадукцыі.

Не менш важнай задачай, чым забеспячэнне насельніцтва ў поўным аб'ёме прадуктамі харчавання і спажывецкімі таварамі, з'яўляецца строгае выкананне «коштавай дысцыпліны».

У вобласці сітуацыя на спажывецкім рынку застаецца стабільнай. У продажы прадстаўлены шырокі асартымент харчовых і нехарчовых тавараў пераважна айчыннай вытворчасці. Па такіх таварах, як мяса, масла сметанковае, яйкі, цукар, сыр, бульба, мука, патрэбнасць забяспечваецца практычна на сто працэнтаў за кошт паставак айчынных вытворцаў.

Для забеспячэння спажывецкага рынку плодаагародніннай прадукцыяй у вобласці штогод ствараюцца стабілізацыйныя фонды. У гэтым міжсезонным перыядзе закладзена 19 тыс.т плодаагародніннай прадукцыі, што на 52 працэнты больш у параўнанні з папярэднім перыядам.

«Сёння самы лепшы час для працы, ёсць усё - тэхналогіі, падрыхтаваныя спецыялісты, сыравіна, дастаткова сіл і сродкаў, каб Прыдняпроўскі край развіваць і мадэрнізаваць. У руках кожнага з нас - будучыня малой радзімы. Таму адказнасць за вынік сваёй працы павінен узяць на сябе кожны. І задача кожнага - прыняць вычарпальныя меры па дасягненні пастаўленых мэт. Разам з тым, улічваючы сённяшнюю сітуацыю ў свеце становіцца зразумела, што іх рэалізацыя абумоўлівае новую якасць нашай з вамі працы.

Новы час патрабуе новых падыходаў і канкрэтных рашэнняў! Такі механізм працы, безумоўна, з'яўляецца лепшым адказам сённяшняму часу», – рэзюмаваў Анатоль Ісачанка.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч