• Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
  • Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
Галоўная / Навіны / Навіны рэгіёну

Калі ўсё адладжана – будзе вынік. Анатоль Ісачанка аб выніках і планах Магілёўскай вобласці

03.01.2023

Падводзячы вынікі 2022 года, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка адзначыў, што ён стаў няпростым для эканомікі рэгіёна, аднак пры гэтым даў усім і новыя магчымасці.

2022 год быў няпростым перыядам у жыцці краіны, аднак, упэўнены губернатар, санкцыйны ціск адкрывае для беларускіх прадпрыемстваў новыя магчымасці.

«Свет на Еўропе не заканчваецца, гэта важна разумець. Ёсць Расія, Кітай, Узбекістан, Казахстан, краіны Афрыкі і многія іншыя. І ва ўзаемадзеянні з гэтымі краінамі ёсць вялікі патэнцыял для развіцця. Напрыклад, мы сталі пастаўляць драўніну ў Іран. Ёсць, вядома, лагістычныя пытанні, але ўсё гэта вырашаецца ў рабочым рэжыме, – сказаў ён. – Аднак, звяртаючы ўвагу на эканоміку і знешні вектар працы, нельга забываць аб надзённых пытаннях, якія ў большай ступені хвалююць людзей. Таму самую пільную ўвагу мы надаём сацыяльнай сферы. Ідзе абнаўленне ўстаноў аховы здароўя, будаўніцтва жылля, у тым ліку для шматдзетных сем’яў, рамонт дарог і вуліц у абласным цэнтры і населеных пунктах. У вобласці створаны ўсе ўмовы для паўнавартаснага і камфортнага жыцця. Мы выканаем усе паказчыкі па будаўніцтве. Усе нашы буйныя інвестпраекты ў будаўніцтве працягваюцца: ідзе ўзвядзенне новых карпусоў бальніц, вядзецца будаўніцтва дарогі-дублёра, падыходзіць да завяршэння будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Магілёва».

Пэўных поспехаў дасягнула Магілёўская вобласць і ў сферы сельскай гаспадаркі. «Мы бачым станоўчыя вынікі ў раслінаводстве. У жывёлагадоўлі яшчэ не ўсё атрымліваецца так, як хочацца. Але ўжо выйшлі на 100% па рэалізацыі малака. Патроху ідзе прырост. У новым годзе ў гэтым кірунку мы павінны спрацаваць нядрэнна», – адзначыў ён.

Задачы пры прызначэнні на пасаду Анатоля Ісачанка крыху больш за год таму выразна паставіў Прэзідэнт. «Мая роля – выконваць іх. Яны вельмі простыя, але вельмі складаныя. Гэта дынамічнае развіццё рэгіёна, забеспячэнне годнай заработнай платы, захаванне парадку і дысцыпліны, забеспячэнне працы ўсіх сфер эканомікі. Ад гэтага наўпрост залежыць функцыянаванне нашай сацыяльнай сферы: бальніц, устаноў адукацыі, будаўніцтва дарог, аўтобуснага руху, адкрыццё дзіцячых садоў і многае іншае. Таму стаяла задача забяспечыць планамернае развіццё рэгіёна па ўсіх напрамках. І ў аснове гэтай працы павінны быць людзі і іх дабрабыт», – падкрэсліў губернатар.

На 2023 год планы ў рэгіёне не менш глабальныя. «Самае галоўнае, што нам трэба было зрабіць і што збольшага ўжо атрымалася, – стварыць сістэму кіравання, дзе кожны чалавек будзе зацікаўлены ў развіцці свайго рэгіёна, у выніках працы. Патрэбныя эфектыўныя кіраўнікі на ўсіх узроўнях. Каб кожны чалавек працаваў на карысць людзей, развіццё свайго рэгіёна. Так у ідэале павінна выглядаць сістэма працы. Таму што калі гэты працэс ідзе ўрыўкамі, ён не дасць належнага выніку. А калі ўсё адладжана – будзе вынік», – упэўнены Анатоль Ісачанка.

БЕЛТА