• Aграгарадок Рэчкі Aграгарадок Рэчкі
  •  Аграгарадок Буйнічы Аграгарадок Буйнічы
  • Aграгарадок Вейна Aграгарадок Вейна
  • Памятны знак К.Сіманаву Памятны знак К.Сіманаву
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі

Магілёўскія навукоўцы распрацоўваюць імпартазамяшчальныя навінкі для харчовай прамысловасці

17.07.2022

Заказ на ЗЛЖ

Ствараць сучасныя прарыўныя тэхналогіі і ўкараняць іх у вытворчасць – такую задачу паставіў перад беларускімі навукоўцамі Прэзідэнт на пасяджэнні ў Нацыянальнай акадэміі навук у студзені. Ва ўмовах знешняга санкцыйнага ціску неабходна па максімуме выкарыстаць айчынныя рэсурсы і інавацыйны патэнцыял. У Беларускім дзяржаўным універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій, які рыхтуе спецыялістаў для харчовай прамысловасці, не першы год займаюцца распрацоўкамі ўнікальнай прадукцыі на аснове прарошчанага збожжа. Прафесары, дактаранты і аспіранты робяць стаўку на здаровы лад жыцця і паспяхова манетызуюць навуковую дзейнасць у гэтым перспектыўным кірунку.

Здаровы арыенцір

У навуковую галіновую лабараторыю, дзе ўсталявана аўтарская тэхналагічная лінія па вытворчасці прадукцыі з прарошчаных злакавых і зернебабовых культур, ідзём з дырэктарам Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДУТ прафесарам кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў Аленай Урбанчык:

Эксперыменты з прарошчаным зернем пачалі даўно, аднымі з першых у краіне ўкаранілі інавацыйныя распрацоўкі ў вытворчасць. Сёння ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Дамачай» выпускае лінейку хлеба «Сіла травы» на аснове мукі з цэльназмолатага прарошчанага зерня пшаніцы з выкарыстаннем ферментных прэпаратаў. За тры гады рэалізавана больш за 68 тон прадукцыі, у першым квартале гэтага – звыш 9 тон. Перавага гэтага хлеба ў высокай засваяльнасці, а таксама ў павышаным змесце вітамінаў групы В, клятчаткі, мікра- і макраэлементаў. Гатовыя прапанаваць і безглютэнавы хлеб на аснове прарошчанага гароху. У ім няма клейкавіны, падыдзе нават тым, хто з-за праблем са здароўем пазбягае складаных бялкоў.

На беларускім рынку асартымент безглютэнавай прадукцыі прадстаўлены ў асноўным таварамі з Еўропы, пры гэтым досыць дарагімі. У асноўным іх вырабляюць з рысавай мукі. Але рыс у нас не расце, а гароху шмат. Прарошчаны, ён валодае прыгожым колерам, прыемным пахам і густам. З яго можна пячы хлеб і здобу, добры як дабаўка да мясных вырабаў. Да таго ж, у параўнанні з рысавай мукой вылучаецца высокай харчовай каштоўнасцю.

Магістрантка Ліяна Шустава, якую мы сустрэлі ў лабараторыі, распрацоўвае рэцэптуру напояў дэтаксікацыйнага дзеяння. Яны абсарбуюць і хутка выводзяць з арганізма шкодныя рэчывы. За здаровае харчаванне абедзвюма рукамі і студэнтка-дыпломница Паліна Ермакова. Яна на прыкладзе распрацаваных ёю безглютэнавых каш хуткага прыгатавання даказвае, што і папулярнае хуткае харчаванне можа быць карысным.

Кашы – новая пазіцыя. Гатовыя выпускаць іх як універсальныя, так і для дзяцей, маладых мам. Дарэчы, сёлета на кафедры тэхналогіі хлебапрадуктаў адкрылі новую спецыялізацыю «Тэхналогія прадуктаў дзіцячага і функцыянальнага харчавання», плануем засяродзіцца на распрацоўцы прадуктаў для асобных катэгорый спажыўцоў, – гаворыць Алена Урбанчык.

Ад ідэі да прылаўка

Як гаворыць Прэзідэнт, інавацыі патрэбныя не на выставачных стэндах, а ў вытворчасці. Таму камерцыялізацыя інавацыйнага прадукта ў ліку нашых найважнейшых навуковых прыярытэтаў, – гаворыць прарэктар па навуковай рабоце БДУТ Аляксандр Акуліч. – Каб быць канкурэнтаздольнымі на рынку, прадпрыемствам трэба прапаноўваць прадукцыю, якая адпавядае сучасным патрабаванням. Таму мы цесна ўзаемадзейнічаем. За апошнія тры гады 104 нашы праекты ўкаранёны на вытворчасцях, агульны гадавы эканамічны эфект ад распрацовак склаў каля 350 тысяч рублёў.

Адно з прыватных магілёўскіх прадпрыемстваў для выпуску мадыфікаванага крухмалу выкарыстоўвае абсталяванне, заснаванае на распрацоўках маладога навукоўца з Магілёва Рамана Бондарава. Загадчыца аспірантуры Таццяна Самуйленка распрацоўвае тэхналогіі падрыхтоўкі вадкіх жытніх заварак для выпечкі заварных гатункаў хлеба з жытняй і жытнёва-пшанічнай мукі. Жытні хлеб папулярны не толькі ў суайчыннікаў, але і за мяжой: ідзе на экспарт як у свежым, так і ў замарожаным выглядзе.

Яшчэ адна актуальная пазіцыя – кансерваваная прарошчаная пшаніца. У такім выглядзе яе ў гандлёвай сетцы яшчэ не бачылі. Доследную партыю ўжо выпусцілі на адным з прадпрыемстваў рэгіёна, навінка напэўна зацікавіць і вытворцаў, і спажыўца.

– Пасля прарошчвання зерне прыдатнае да ўжывання ўсяго некалькі гадзін. Кансерваванае – нашмат даўжэй, пры гэтым у прадукце захоўваюцца неабходныя чалавеку вітаміны В1, В2, В5 і В6, мікра- і макраэлементы, усе незаменныя амінакіслоты, – удакладняе аўтар ідэі, дактарант Марыя Зянькова. – Яго рэгулярнае ўжыванне дазволіць нармалізаваць абмен рэчываў, знізіць узровень халестэрыну, паменшыць рызыку сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў. Кансерваванае збожжа прыемнае на смак, яго можна падаваць як гарнір, дадаваць у салаты, абедзенныя стравы.

У супрацоўніцтве з магілёўскімі навукоўцамі зацікаўлены і расійскія вытворцы. Адзін выкупіў у ВНУ запатэнтаваную тэхналогію вырабу маскі для твару на аснове прарошчанага зерня, прыцэньваецца да доследнай лінейкі новых касметычных сродкаў і злакавых кактэйляў, якія спрыяюць ачышчэнню арганізма, валодаюць супрацьвіруснымі ўласцівасцямі, павышаюць імунітэт і, што немалаважна, разоў у пяць таннейшыя за імпартныя аналагі.

А ў БДУТ выпусцілі новую маску з грачана-аўсянай травы. Выпрабавалі на сабе і засталіся задаволеныя вынікам: маршчынкі разгладжваюцца, скура ззяе. У тым, што гэта распрацоўка будзе запатрабаваная, тут не сумняваюцца: прыхільнікаў ЗЛЖ сёння шмат і запыт на натуральнасць актуальны як ніколі.

СБ