ЕАБР прафінансуе ў Беларусі праекты на $1,5 млрд да 2026 года
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) прафінансуе ў Беларусі праекты на $1,5 млрд да 2026 года. Аб гэтым паведаміў журналістам старшыня праўлення ЕАБР Мікалай Падгузаў у час гадавога сходу і бізнес-форуму ЕАБР, якія праходзяць у Алматы (Казахстан) 27-28 чэрвеня, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У кожнай з краін нашай дзейнасці прыняты краінавыя стратэгіі. Па Беларусі мы дамовіліся аб інвестыцыях у эквіваленце $1,5 млрд за перыяд да 2026 года. Мы прыкладна ідзём у тым графіку, які сабе намецілі", - адзначыў Мікалай Падгузаў.
"Мы займаемся несуверэнным фінансаваннем. Шэраг праектаў (фінансуецца. - Заўвага БЕЛТА)", - сказаў ён. Напрыклад, у мінулым годзе пачата фінансаванне лагістычнага комплексу "Прылессе-лагістык".
"Гэта буйны лагістычны праект. Далей - кампанія "Сервалюкс", якая выпускае мяса птушкі. І я ведаю, што іншыя краіны зацікаўлены ў дзейнасці кампаніі "Сервалюкс" у еўразійскай прасторы", - расказаў старшыня праўлення ЕАБР.
"Ідзе планавая работа. Мы ўпэўнены, што тую стратэгію, якую мы намецілі сумесна з беларускімі калегамі, абавязкова выканаем", - рэзюмаваў Мікалай Падгузаў.
Як паведамлялася раней, стратэгія Еўразійскага банка развіцця прадугледжвае інвесціраванне да 2026 года амаль $11 млрд у эканомікі краін-акцыянераў.
Форум у Алматы аб'яднаў прадстаўнікоў шматбаковых банкаў развіцця, міжнародных арганізацый, бізнесу, навуковых колаў, прафесійных асацыяцый з розных краін. На працягу двух дзён яны будуць абменьвацца вопытам, абмяркоўваць актуальныя пытанні, таксама намецяць шляхі сумеснага развіцця ў рамках еўразійскай прасторы.
Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) - шматбаковы банк развіцця, які ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць на еўразійскай прасторы. Ужо больш за 18 гадоў ЕАБР садзейнічае ўмацаванню і пашырэнню эканамічных сувязей і ўсебаковаму развіццю краін-удзельніц. Статутны капітал ЕАБР складае $7 млрд. Асноўную долю ў партфелі ЕАБР займаюць праекты з інтэграцыйным эфектам у сферах транспартнай інфраструктуры, лічбавых сістэм, зялёнай энергетыкі, сельскай гаспадаркі, прамысловасці і машынабудавання. У сваёй дзейнасці банк кіруецца мэтамі ў галіне ўстойлівага развіцця ААН і прынцыпамі ESG.